Яўгена Васьковіча ізноў змясцілі ў штрафны ізалятар
Палітзняволены актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Яўген Васьковіч адбыў чарговыя 10 сутак у штрафным ізалятары Магілёўскай турмы №4. Пра гэта даведаўся адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Дзяніс Садоўскі:
– Напрыканцы ліпеня Яўген быў змешчаны ў ШІЗА. 3-га жніўня ён адтуль выйшаў. Далі яму 10 сутак, ён нават не называў фармальную матывіроўку. Яго ўжо планава раз у месяц у ШІЗА змяшчаюць.
Пачынаючы з траўня 2011 года, калі Васьковіч быў накіраваны для адбыцця пакарання, ён правёў у штрафным ізалятары амаль 200 сутак. Па словах Дзяніса Садоўскага, адмінітрацыя турмы працягвае настойліва прапаноўваць Васьковічу напісаць прашэнне пра памілаванне. Але ён катэгарычна адмаўляецца.
Васьковіч асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі за радыкальную акцыю супраць Бабруйскга КДБ. Малады чалавек спрабаваў падпаліць дзверы будынку.