Беларуская глыбіня. Шлях і крыж Аўтуховіча

10 жніўня 2013 12:21  |  Галоўныя навіны

…хто хоча ісці за Мною,
зрачыся сябе,
і вазьмі крыж свой,
і ідзі за Мною следам.
Марка 8:34

 

Почырк у яго проста любата. Буйны, цвёрды, літары гранёныя, кожнае слова — нібы надпіс, адчаканены на гербе.


Радкі шыхтуюцца па-гвардзейску, выступаюць роўна, стройна, пячатаюць кропкі і коскі так, што чытаеш і чакаеш: вось-вось грымне «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Менавіта такі почырк мусіў быць у летапісцаў, манахаў, што ад рукі выводзілі ў скрыпторыях Біблію, або ў рыцараў, якія выклікалі супраціўніка на бой.

 

«Фізічна чалавек можа вытрымаць амаль усё, ён толькі гэтага не ведае, пакуль не паспрабуе» — піша Мікалай Аўтуховіч у лісце з прастакутнай байніцай штэмпеля «г.Гродна. турма №1». — Лічу, што кожны мужчына павінен абараняць сваю годнасць і гонар, быць абаронцам сваіх родных і абавязкова — Радзімы».

 

І ён адказвае за гэтыя словы. Год за годам у каменных мурах ды падвалах, праз галадоўкі, якія трымае месяцамі, сціскае ныючыя зубы, каторыя не даюць лячыць, — і злёгку ўсміхаецца канвою.

 

Аўтуховіч ваўкавыскі: горада, чый сімвал — ашчэраны воўк.

 

О, гэтая векавечная Літва!.. Гэтыя халодныя празрыстыя далячыні з калыханнем пералескаў на ўзгор’ях і ціхімі змеямі рэчак, гэтае сатканае з малітваў і шэптаў натхнёнае Панямонне… Усё тая ж таемная і бяздонная беларуская глыбіня.

 

Маленькаму ліцвіну з Ваўкавыску не споўнілася і шасці, калі з сям’і сышоў бацька. Матуля працавала па зменах на хлебазаводзе, мыла посуд у школе. Мікалай гадаваўся на вуліцы. Вуліца, паводле ягоных словаў, і выхавала байца, нецярпімага да маладушша, хлусні і здрады. Сярод аднагодкаў быў важаром, таму класны кіраўнік як мог стараўся зрабіць з яго старшыню піянерскага атраду. Як і ўсе савецкія дзеці, Мікалай ненавідзеў капіталістаў — і верыў настаўнікам, што амерыканцы робяць цукеркі з нафты. (Потым, на прыёме ў амбасадаркі ЗША Карэн Сцюарт, убачыўшы на стале цукерачніцу, Мікалай папросіць пакаштаваць… Салодкі дзіцячы міф растане на языку пад дружны смех прысутных.)

 

Вучыўся на механіка, зарабляў на разгрузцы вагонаў. Потым — войска, кіроўца ў ракетных частках асаблівага прызначэння. І Афганістан. За аперацыі, у тым ліку ахову моста пад Кандагарам, узнагароджаны медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі», а таксама ордэнам Чырвонай зоркі.

 

У 1991-м імперыя, якая пасылала яго паміраць у горы, рухнула. Аўтуховіч вярнуўся дахаты — і трапіў у горад пад бел­чырвона­белым сцягам. Пачаў будаваць жыццё. Заняўся бізнесам. Наладзіў у Ваўкавыску службу недарагіх таксовак — гаражы пачыналіся адразу за домам. Зрабіў горад зручным для тых, хто спяшаецца. Як высветлілася, паспяшаўся.

 

Працаваць не далі. Знайшоўся, бач: занадта разумны.


І што ж загадаеце рабіць герою вуліцы, байцу­-афганцу шляхецкай крыві, калі ў родным горадзе лоб у лоб сутыкаешся з высокапастаўленай подласцю і афіцыйным рабаўніцтвам? Аўтуховіч прымае выклік, ідзе на «выбары»-2004 — і пачынае прылюдна адно за адным выварочваць бярвенне з бессаромных вачэй раённага начальства.

 

Ясная рэч, крымінальная справа. Прычым следчы Аліхвер, аформіўшы «ўхіленне ад падаткаў» на самога Аўтуховіча, праз некалькі гадоў ірване на ПМЖ у ЗША: фотаздымкі шчаслівага вандроўніка ў сонечнай Атланце цяпер можна шукаць у сеціве як адказ на запыт «кожнаму сваё. Карцінкі».

 

Вось менавіта, а Аўтуховічу — турма. 74-дзённая галадоўка ў гродзенскім СІЗА, падчас якой чалавек губляе не толькі 40 кг, але і ўсё здароўе.


І такі дамогся свайго — вызвалення перад судзілішчам на хатні арышт.

 

Ледзь ачуняўшы, Мікалай сыходзіць у падполле, і, быццам Робін Гуд, рассылае звароты да ўсіх жыхароў краю. Два месяцы ідзе аблава, па ўсіх райаддзелах расклеена фота з папярэджаннем пра ягоную паляўнічую зброю — і ўся карная машына ледзь­ледзь дае рады Аўтуховіча затрымаць.

 

«Мне спадабаліся словы з Бібліі — «не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром», — піша Мікалай. — Чалавек не можа, ці, лепш казаць, не павінен схіляцца перад злом, перад знявагаю сваёй годнасці».

Зона. Галадоўкі. Прызнанне палітычным вязнем. І вызваленне.

 

Мікалай дачакаўся вяртання свайго бацькі: той пачаў працаваць на ягонай фірме. Але не паспелі патлумачыцца, адкрыць адзін перад адным душы: бацьку забрала смерць, а на сына зноў абвясцілі дзікае паляванне.

 

Кожны ліцвін, кожны шляхціц, кожны мужчына, у рэшце рэшт мусіць быць гатовы: калі ты ўвязаўся ў вайну, ды яшчэ за праўду — гэта звычайна не на жыццё, а на смерць. Усяго некалькі месяцаў на волі — і зноў следства, на гэты раз — абвінавачванне ў тэрарызме. Праславуты гранатамёт, «падрыхтоўка замаху» на гарадзенскіх абласных чыноўнікаў…

 

У судзе справа развальваецца на дымныя руіны, і ўся краіна бачыць, што сярод рэчавых доказаў «злачынства» валяюцца ўсяго пяць патронаў, выпадкова зной¬дзеных падчас ператрусаў. Прысуд — 5 гадоў і 2 месяцы строгага рэжыму. Івацэвічы. Зноў галадоўкі. Адмовы лячыць хворыя зубы. Карцары. Штрафныя ізалятары. Умовы, якія ва ўсім свеце называюць катаваннямі. І, нарэшце, — глухая турма ў Гродне, у цяні вежаў езуіцкага касцёлу, дзе сядзелі яшчэ Напалеон Орда, паўстанцы Каліноўскага, Прытыцкі і Браніслаў Тарашкевіч.

 

«Бог глядзіць за ўсім, — нагадвае Аўтуховіча. — Таму кожны атрымае тое, што зарабіў».

 

Адзін з апошніх лістоў ад Мікалая прыйшоў у самаробнай капэрце, склеенай з вокладкі ад школьнага сшытка. Дажыліся, думаю, у палітвязня капэртаў няма. Дасылаю — і атрымліваю адказ: «Не хвалюйся, усё ёсць. Проста няма жадання працаваць на тых, хто мяне пасадзіў за краты. А душы хоча штосьці рабіць… Вось і майструю капэрты з усяго, што ёсць пад рукамі. Іншы раз прашу, каб дасылалі каляровыя лісты, клею з іх».

 

Хаця б разок каўтніце вольнага паветра — за яго. Уявіце, як рассылае з гродзенскіх турэмных муроў па ўсім краі лёгкіх паштовых птушак з каляровымі крыламі паланёны шляхціц з Ваўкавыску…


Як глядзіць на шэрае беларускае неба, укрыжаванае чорнымі квадратамі… І як ідзе праз калідоры, па завучаных напамяць прыступках былога калегіюма езуітаў, збіваючы ногі, увесь збалелы ад галадовак, ранаў і шнараў, сашчапіўшы тыя клятыя зубы, сцяўшы плоць у кулак, са сваёй заўсёднай ціхай — не дачакаюцца — усмешкай, па слядох манахаў і інсургентаў…

Тым самы шляхам, якім дагэтуль мерае крокі па цесных камерах нашых каменных сэрцаў зняволены, знясілены, асуджаны на неба праз крыж Хрыстос.

 

Напішыце Аўтуховічу


Напісаць ліст Мікалаю Мікалаевічу Аўтуховічу можна па адрасе: 230023, вуліца Кірава 1, Гродна, турма № 1. Яшчэ прасцей даць тэлеграму, патэлефанаваўшы з гарадскога тэлефона на № 166.

Болей навін