БХД накіравала ў Генпракуратуру калектыўны зварот па справе кс. Лазара
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі і адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі 12 жніўня перадалі ў Генеральную пракуратуру калектыўны зварот па справе каталіцкага святара, пробашча парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве Уладзіслава Лазара.
Для больш хуткага рэагавання уладаў і іх сустрэчы з падпісантамі пад зваротам былі сабраныя больш за 30 подпісаў.
У звароце адзначаецца, што ў СІЗА КДБ больш за два месяцы знаходзіцца каталіцкі святар. “Гэтая справа набыла шырокі рэзананс у беларускім грамадстве, яна не сходзіць са старонак СМІ, пад петыцыяй за яго неадкладнае вызваленне за тыдзень падпісалася каля 1 тысячы чалавек. Але, нягледзячы на шырокі розгалас і спробы беларускага грамадства даведацца,у чым канкрэтна вінаваціцца святар, за што ён затрыманы і што яму пагражае, КДБ РБ працягвае захоўваць маўчанне, адмаўляючыся ад якіх-небудзь каментароў”, – гаворыцца ў дакуменце.
“Разам з тым паводле артыкулу 4 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь” № 220-3 ад 8 мая 2007 года “задачамі пракуратуры з’яўляюцца забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў. У мэтах выканання гэтых задач пракуратура ажыццяўляе нагляд за:
дакладным i аднолькавым выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных прававых актаў рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, мясцовымі прадстаўнічымі, выканаўчымі і распарадчымі органамі, грамадскімі аб’яднаннямі, рэлігійнымі арганізацыямі і іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі і іншымі грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі (далей – нагляд за выкананнем заканадаўства);
выкананнем заканадаўства пры ажыццяўленні аператыўна-вышуковай дзейнасці;
выкананнем закона падчас дасудовай вытворчасці, пры вытворчасці папярэдняга следства і дазнання;
адпаведнасцю закону судовых пастаноў, а таксама за выкананнем заканадаўства пры іх выкананні;
выкананнем заканадаўства пры выкананні пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, а таксама мер прымусовага характару”.
У сувязі з гэтым просім Вас у адведзены заканадаўствам тэрмін даць адказ на наш зварот, паведаміўшы ў ім:
1. На падставе чаго быў затрыманы каталіцкі святар Лазар Уладзімір Міхайлавіч.
2. У чым ён абвінавачваецца і што яму інкрымінуецца.
3. Наколькі законна ў СІЗА КДБ ўтрымліваецца Лазар У.М. і ці магчыма яго вызваленне на ўмовах падпіскі аб нявыездзе, хатняга арышту і гэтак далей”, – паведамляецца ў калектыўнм звароце.