Таццяна Севярынец: Прафесіяналы сышлі са школ
Беларускі кіраўнік спрабуе зрабіць з настаўнікаў паслухмяных зомбі і манкуртаў.
Такое меркаванне выказала сайту charter97.org каардынатар па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), педагог Таццяна Севярынец, каментуючы патрабаванне Лукашэнкі павысіць дысцыпліну ў педкалектыву.
“Дысцыпліна, стабільнасць і гэтак далей – гэта любімы канёк беларускага кіраўніка. Настаўнікі і без таго баяцца зрабіць крок направа і налева. І пра дысцыпліну размова ідзе наўмысна, таму што зараз падвышаецца нагрузка з 17 да 20 гадзін у тыдзень. Заробак у сувязі з гэтым таксама быццам бы павышаецца, але неістотна. З настаўнікаў спрабуюць зрабіць паслухмяных зомбі і манкуртаў, каб ня рыпаліся. Лукашэнка баіцца масавага звальнення настаўнікаў і наогул любога пратэсту, таму і закручвае гайкі”, – лічыць настаўніца.
Яна перакананая, што ва ўмовах беларускага таталітарызму палітыка бізуна і перніка абмяжоўваецца толькі бізуном.
«Вядома, у выпадку масавага сыходу настаўнікаў са школ знойдуцца штрайхбрэйкеры. Можа, хтосьці і парадуецца, што за кошт звальнення калегаў у яго падвысіцца колькасць гадзін і заробак. Але сам факт масавага сыходу настаўнікаў са школ будзе катастрофай. У Беларусі і без таго амаль няма жадаючых працаваць у школах, а сапраўдных прафесіяналаў засталося вельмі мала. Я мяркую па тым, хто пайшоў са школ пасля мяне, а гэта вельмі адукаваныя і добрыя людзі. На змену ім прыйшла моладзь. Можа, гэта таксама добрыя і адукаваныя людзі, але ў іх не такое стаўленне да працы настаўнікам, як гэта было раней. Я не ведаю, як яны рыхтуюць дзяцей, але мяркуючы па выніках ЦТ, можна сказаць, што прафесіяналаў засталося вельмі мала. Цяпер настаўнікі займаюцца больш папяровай працай, а ня адукацыяй. Тое ж самае ў лекараў – тры хвіліны на хворага і пятнаццаць на паперы», – падкрэсліла Таццяна Севярынец.
Нагадаем, учора, у ходзе рабочай сустрэчы з міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам і першым намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі Аляксандрам Радзьковым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў павысіць дысцыпліну ў педкалектыву.