Беларуская глыбіня. Геній без грамадзянства
Яна пайшла
і абвясціла тым,
Што былі з Ім, што плакалі і галасілі,
Але яны, пачуўшы,
што Ён жывы
І яна бачыла Яго —
не паверылі.
Марка 16:10-11
У лістах у каменду мне часта дасылаюць вершы. Купалу, Багдановіча, Караткевіча, Гілевіча, Барадуліна… Але яе вершаў больш, чым астатніх. Можа быць таму, што яна хрысціянка з празрыстым сэрцам. Можа таму, што пасля допытаў Цанавы і катаванняў у «амерыканцы» яна восем гадоў гніла ў страшнай ссылцы на Поўначы. А можа, проста таму, што адмовілася ад савецкага грамадзянства, казала «Не!» і Максіму Танку, і Аляксею Карпюку, і Паўліне Мядзёлцы — і не дачакалася рэабілітацыі ані са смерцю тырана, ані з «адлігай», ані нават з развалам імперыі.
Гэты ўсё яна, беларуская глыбіня… Ціхія ліцвінскія ваколіцы, скрозь у крынічных заблытаных рэчках, дрымотных правалах пушчаў і светлых узгор’ях з могілкамі на вяршынях. Самае месца для таго, хто верыць у Бога, любіць сваю краіну і не здаецца злу. Для генія беларускага Евангелля.
Толькі тады, калі на пахаванне Ларысы Геніюш у красавіку 1983 прыйшлі тысячы жыхароў Зэльвы, прыехалі мінчукі, гарадзенцы, берасцейцы, пісьменнікі, мастакі, колішнія вязні і моўчкі, пад прыцэлам гэбоўскіх камераў, ішлі следам за яе труной — а яна плыла, цякла, як рака, ціха склаўшы рукі на замерлым сэрцы, гледзячы ў неба, — толькі тады, запозна, яны дапялі, чаму яна ўсё-такі адмаўлялася.
Потым хлопец, што пад выглядам пажарнага ставіў «жучкі» ў яе на гарышчы, будзе каяцца. Потым вядома хто невядомы будзе начамі выломваць са сценаў мемарыяльныя шыльды, а савецкая ўлада запатрабуе знесці помнік з «Пагоняй» і малітвай гулагаўскіх вязняў — «Божа, барані Беларусь!», — пастаўлены ля царквы, дзе яе адпявалі.
А жывой… Абяцалі кватэру ў Мінску. Пісьменніцкую пенсію 100 рублёў. Публікацыі. Выданні ў Маскве. Усяго адна пячатка — і… Ды такія шаноўныя людзі… Сябры…
Як там: «Я другой такой страны не знаю…» А яна пісала: «З пекла ўпала на голаў мне ўся гэта эсэсэсэр».
Для кожнага з іх, людзей з савецкім штампам, згода Геніюш азначала б камень з душы. Апраўданне. Геніюш — савецкая грамадзянка? Значыць, няма чаго мучыцца згрызотамі. Значыць, і хлусню, і бязбожжа, і беспрасвецце можна пакласці на захаванне ў глыбокую беларускую скарбонку: «Значыць, так і трэба».
Згода Геніюш азначала б, што і пра дэпартацыю разам з мужам Янкам з Чэхаславаччыны, і пра турмы, этапы, допыты і катаванні, і пра таёжную сцюжу, і голад, і зацкаваных аўчаркамі зэкаў, і пра тысячы «дахадзягаў», забітых у Інце, і пра маўчанне тых, хто «на волі», і пра вынішчаную бальшавікамі сям’ю — пра ўсё гэта можна проста забыцца.
І што ласкавая мянушка «Маці», прышчэпленая ў бараках, і вершы, каторыя вязні называлі «глюкозай» ды завучвалі на памяць, і лісты, што перадавалі на «вольную зямлю», схаваўшы ў вагонах з вугалем, і абраз Ісуса ў церні, намаляваны на падваконні ў камеры на Вялікдзень, і таемна напісаная «Споведзь» — усё гэта было пустое.
І што пасада генеральнага сакратара БНР і захаванне архіва, цяпельца беларускай незалежнасці, не падлеглай ані бальшавікам, ані дэфензіве, ані нацыстам, і сама светлая мара пра вольнасць — гэта было марна.
Таму яна і паўтарала: «Не, не, не!» І ў сваім задубелым на паўночных маразах твары, у высечаных пакутамі зморшчынах знаходзіла ласку, цяпло і ўсмешку для тых, хто побач. Выцягвала з роспачы знясіленых беларускіх мужчынаў. Пісала адмыслова для Барадуліна верш «Не пі, Рыгор! Не пі, сынок…» — і той кідаў тапіць свой геній у гарэлцы. Дасылала літкансультанту «Гарадзенскай праўды» Васілю Быкаву свае вершы, якія той набіраў на друкарцы і паціху даваў у газеты. Расплюшчвала вочы маладому Уладзю Караткевічу, які слухаў яе аповеды пра светлую савецкую рэчаіснасць і рэдагаваў зборнік «Невадам з Нёмана». Пісала тысячы лістоў, у якіх падбадзёрвала змораных і перадавала веру адчайным.
І штовесну разбівала ля хаты найлепшы ў Зэльве кветнік.
Вось чаму Аляксандр Кацікаў з «Песняроў» запісаў цэлы альбом «Жывём» на словы Геніюш, а апошняй песняй, выкананай Уладзімірам Мулявіным, стала ейная «Краю мой родны». Вось чаму адным з пароляў вольнага руху ў 2006-м зрабіўся музычны дыск «Жыць для Беларусі» са спевамі на яе вершы, перабітымі ўнікальным аўдыё: Геніюш чытае сама. Колькі жыцця ў ёй, асуджанай на паміранне, — душа мімаволі агукне: «Жыве!»
Ці мала моцных мужчынаў-беларусаў у крывавай чавільні ХХ стагоддзя ўцякло за мяжу? Не паднялося з бруду? Спілося? Скончыла жыццё самагубствам? Адкуль жа ў слабай, інтэлігентнай жанчыны, у чые далікатныя рукі паэткі трапілі ключы беларускай дзяржаўнасці, узялося столькі сілаў: не пакінуць Радзіму, быць разлучанай з адзіным сынам, цярпець штодзённы здзек — і не прыняць пячатку звера?
Сярод здрадаў і смерцяў, пад наглядам ды ўціскам, калі і працаваць дазвалялі адно прыбіральшчыцай, і тое нядоўга — не ў замкнёным, утоеным, а ў адкрытым хрысціянстве, якое свеціць і дае каўток забароненай волі ўсім, — верніца Ларыса Геніюш засталася геніем нацыянальнай ідэі. Жывым сведчаннем вечнай беларускай ахвярнасці, чысціні і ласкі. Нават паміж ворагаў — цвёрдай, але любоўнай і натхнёнай. Прыгожай той знявечанай, але нескаронай прыгажосцю, якая вось ужо 1000 гадоў выяўляе на гэтай зямлі Укрыжаванага ў чаканні белчырвонабелага ўваскрасення.
І як колісь Святое Прычасце
З яснай чашы ля Царскіх варот,
П’ю свой боль як вялікае шчасце
За пакутны каханы народ.
У той час, калі разбягаліся нават найлепшыя вучні, калі люд хаваўся па хатах, калі падалі апошнія ваяры — менавіта такія матулі веры, сёстры надзеі, дочкі любові, жанчыны беларускай глыбіні каўталі слёзы ды асвятлялі бліскучымі вачыма крыж, дзе здабываў для нас, беларусаў, святасць Госпад Ларысы Геніюш Ісус Хрыстос.