“Берасцейскіх Хрысціянскіх Дэмакратаў” не зарэгістравалі: уладам не спадабалася назва (фота)

20 жніўня 2013 09:49  |  Галоўныя навіны

Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама адмовілася зарэгістраваць грамадскае аб’яданне “Берасцейскія Хрысціянскія Дэмакраты”. Прычына гэтага – у назве арганізацыі.

 

Паводле намесніцы начальніка ўпраўлення Баландзінай, назва “Берасцейскія Хрысціянскія Дэмакраты” на беларускай мове не адпавядае назве “Брестские Христианские Демократы” на рускай. Пры гэтым заснавальнікі арганізацыі мусілі былі ўзгадніць з уладамі абрэвіятуру назвы, лічаць берасцейскія чыноўнікі.

 

Апроч таго, “назва аб’яднання не змяшчае пазнакі на характар дзейнасці аб’яднання”. Дзе такія пазнакі ўлады знайшлі ў “Белай Русі” ці БРСМ, невядома. На падставе ўсяго вышэйпералічанага берасцейскія чыноўнікі зрабілі высновы, што парушэнні носяць непераадольны характар і адмовілі арганізацыі ў рэгістрацыі. Больш зачэпак для адмовы яны не знайшлі.

 

Кіраўнік аргкамітэт Берасцейскіх Хрысціянскіх Дэмакратаў Зміцер Шурхай лічыць нерэгістрацыю прадказальнай. “У сённяшняй сітуацыі іншы варыянт цяжка ўявіць. Разам з тым было цікава, якую прычыну прыдумаюць улады, бо ўсе дакументы былі падрыхтаваныя абсалютна бездакорна”, – адзначыў ён.

 

Нагадаем, што ўстаноўчы сход арганізацыі прайшоў 8 чэрвеня ў Кобрыне. Старшынёй ГА “Берасцейскія хрысціянскія дэмакраты” быў абраны Зміцер Шурхай, яго намеснікамі – Раман Дзмітрук (Кобрын) і Таццяна Малашчанка (Баранавічы).

 

"Берасцейскіх Хрысціянскіх Дэмакратаў" не зарэгістравалі: уладам не спадабалася назва (фота)"Берасцейскіх Хрысціянскіх Дэмакратаў" не зарэгістравалі: уладам не спадабалася назва (фота)

Болей навін