Зьезд БХД – 31 кастрычніка
31 кастрычніка ў Менску пройдзе Зьезд Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. Нацыянальная рада БХД прыняла рашэньне: ад кожных трох заснавальнікаў на Зьезд накіроўваецца адзін дэлегат. Госьцем на Зьезьдзе можа быць кожны сябра БХД. Аплата праезду, харчаваньне, а пры патрэбе і разьмяшчэньне на ноч 31 кастрычніка будзе забясьпечана.
Зьезд БХД будзе ня проста Устаноўчым, і не паўторам 28 лютага.
Па-першае, мы зьбіраемся правесьці яшчэ больш моцны, яшчэ больш яркі, яшчэ больш шматлюдны сход (нагадаем, у першым, паўгады таму, удзельнічала больш як 600 чалавек).
Па-другое, менавіта Зьезд 31 кастрычніка будзе вырашаць пытаньне ўдзелу БХД у прэзідэнцкай кампаніі 2010-2011. Ці будзем мы падтрымліваць свайго партыйнага кандыдата – ці згодныя працаваць на адзінага? Ці будзем удзельнічаць у мясцовых “выбарах” 2010г.? Ці ўвогуле, зважаючы на фальсіфікацыі, абвесьцім байкот?
Па-трэцяе, на Зьездзе 31 кастрычніка плянуецца відэапрэзэнтацыя абласных арганізацыяў і выступы рэгіянальных лідэраў БХД.
Па-чацьвёртае, Зьезд 31 кастрычніка мае зацьвердзіць наш адказ на крызіс – эканамічную плятформу БХД.
Нарэшце, Зьезд 31 кастрычніка – гэта вырашальны момант у справе рэгістрацыі БХД.
Пасьля адмовы Мін’юсту і Вярхоўнага Суда статус нашай партыі стаў адным з галоўных пытаньняў перамоваў эўрапейскіх дзяржаваў з рэжымам. Кіруючыя партыі Нямеччыны (ХДС/ХСС), Літвы (“Саюз Айчыны – Хрысьціянскія дэмакраты”), Польшчы (“Плятформа Абыватэльска”), Галяндыі (ХДС), а таксама прадстаўнікі Францыі, Швэцыі, Чэхіі, Украіны, Бэльгіі патрабуюць ад уладаў узаконіць дзейнасьць Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. У кастрычніку–лістападзе гэтага году Рада Міністрo Эўразьвязу будзе вырашаць далейшы лёс санкцыяў у дачыненьні да кіраўніцтва РБ. Таму для нас выключна важна правесьці працэдуру паўторнай рэгістрацыі юрыдычна і палітычна ўзорна.
Таму мы вельмі просім тых, хто выступаў заснавальнікам увесну, пацьвердзіць свой удзел у БХД.
Зьезд 31 кастрычніка мае стаць ПАДЗЕЯЙ для усяе Беларусі.
Калі Вы жадаеце ўдзельнічаць у працы Зьезду БХД – калі ласка, зьвязвайцеся з Вашым каардынатарам, або тэлефануйце: + 375 29 5160861, Павал (рэгіёны), +375 29 7635954 Віталь (Менск).
Жыве – з Богам!