БХД адсочвае сітуацыю з беларусамі ў Абхазіі

21 жніўня 2013 18:53  |  Палітыка

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя адсочвае сітуацыю з беларускімі пратэстанцкімі вернікамі, якіх на загад прэзідэнта непрызнанай Рэспублікі Абхазія павінны дэпартаваць з краіны. Пра гэта паведаміў сустаршыня аргкамітэту БХД Георгі Дзмітрук.

 

Паводле яго словаў, у Абхазію па праграме дабраахвотных хрысціянскіх працоўных лагероў выехала каля 60 грамадзян Беларусі з розных гарадоў. У межах дадзенай праграмы маладыя вернікі падарожнічаюць па розных мясцінах і аказваюць дапамогу людзям: прыбіраюць тэрыторыі, фарбуюць школы і гэтак далей. Такія праграмы праходзяць і ў Беларусі, але сёлета вялікая група беларускай моладзі скіравалася ў Абхазію.

 

Тут у кіраўніка адной з беларускіх груп, рэдактара часопіса Саюза Евангельскіх Хрысціян у Беларусі “Крыніца жыцця” Васіля Трубчыка і яго жонкі невядомыя скралі дакументы, у тым ліку пашпарты і тэхпашпарт на аўтамабіль. Спрабуючы вырашыць праблемы выезду з краіны (бліжэйшае дыппрадстаўніцтва Беларусі знаходзіцца ў Расіі ў Растове-на-Доне) вернікі патрапілі на прыём да прэзідэнта Абхазіі Аляксандра Анкваба, але той, даведаўшыся, што беларусы з’яўляюцца пратэстантамі, загадаў ім на працягу двух дзён пакінуць краіну. Пры гэтым у 55 беларусаў міліцыя канфіскавала пашпарты.

 

Зараз Васіль Трубчык знаходзіцца ў амабасадзе РФ у Сухумі, у якім абяцаюць вырашыць узніклыя з дакументамі пытанні. Ці дэпартаваныя астатнія грамадзяне Беларусі, пакуль невядома. “Спадзяемся, што ўсе атрымаецца вырашыць, і беларусы змогуць без праблем вярнуцца на Радзіму”, – адзначыў Георгі Дзмітрук.

Болей навін