Георгі Дзмітрук: адбываецца рэйдэрскі захоп сельскай гаспадаркі

22.08.2013, 10:37  |  Галоўныя навіны, Палітыка, Эканоміка

Актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі разам з сустаршынёй аргкамітэту Георгіем Дзмітруком 21 жніўня наведалі вёску Кабакі Бярозаўскага раёну, дзе сяляне знаходзяцца на мяжы бунту ў сувязі з вынішчэннем уладамі асабістага пагалоўя свінняў. Паводле жыхароў вёскі, так як паводзяць сябе ўлады, не паводзілі нават фашысты.

 

Як адзначыў Георгі Дзмітрук, дзеянні ўладаў наўпрост супярэчаць Закону аб ветэрынарнай службе, паводле якога ў краіне павінен быць уведзены каранцін, а вынішчацца павінны толькі хворыя жывёлы. "Зараз жа ідзе вынішчэнне свінняў на прыватных падворках у нейкіх "прафлактычных мэтах", пра што ў законе не гаворыцца. Пры гэтым вынішчэнне ў Бярозаўскім раёне не закранае дзве фермы, якія належаць камбікормаваму заводу. Па словах вяскоўцаў, дырэктар заводу – сваяк старшыні райвыканкаму", - сказаў ён.

 

"Больш за тое, сялянаў шантажом і запужваннем прымушаюць падпісваць бланкі, што яны нясупраць таго, што іх свінняў заб'юць. Інакш ім пагражаюць міліцыяй, штрафамі ў 2 мільёны рублёў. Пасля, як кажуць вяскоўцы, прыяжджаюць людзі з кувалдамі і забіваюць імі свінняў", - паведаміў Георгі Дзмітрук.

 

"Усё гэта нагадвае рэйдэрскі захоп сялянскіх гаспадарак буйнымі сяльгаспрадпрыемствамі, якія распраўляюцца з канкурэнтамі. Калі сітуацыя будзе працягвацца, то ў людзей не застанецца выбару, як толькі купляць мяса ў крамах і гіпермаркетах. Сёння вынішчаюцца свінні ў радыюсе 5 км ад свінакомплексаў, заўтра скажуць – 10 км, паслязаўтра – 30", - падкрэсліў сустаршыня БХД і дадаў, што людзі не ведаюць, што зрабіць з бульбай, якую пасадзілі для гадавання свінняў.

 

Георгі Дзмітрук таксама заклікаў людзей не пагаджацца на вынішчэнне свінняў і тэлефанаваць у выпадку незаконных дзеянняў уладаў на тэлефон гарачай лініі Грамадскага штабу па барацьбе з АЧС +37533 6536504.

Навіны па тэме