Судовая справа Жукаўца знаходзіцца пад асабістым кантролем Генпракурора Польшчы (фота)

28 жніўня 2013 10:07  |  Палітыка

Генеральны пракурор Анджэй Сэрэмет адказаў на ліст беларускіх палітыкаў, якія
выказвалі заклапочанасць крымінальным пераследам беларускага бізнесмена Андрэя Жукаўца.

Адказ Генеральнага пракурора прыйшоў на адрас аднаго з падпісантаў, першага
намесніка старшыні Руху “За Свабоду” Юрася Губарэвіча.

Кіраўнік нагляднага ведамства Польшчы Анджэй Сэрэмет паведаміў у лісце
беларускім палітыкам, што папярэднія следчыя дзеянні польскага боку супраць
Андрэя Жукаўца грунтаваліся на абавязковых праўных нормах Польшчы, а не сталі
вынікам супрацы з беларускімі суддзямі і пракурорамі, якія заплямілі сваю
рэпутацыю пераследам апазіцыі.

Генпракурор таксама патлумачыў у сувязі з заклікам беларускіх палітыкаў да
новага разгляду справы, што рашэнне польскага суда пра зняволенне і штраф не
з’яўляецца правамоцным. У выпадку абскарджвання справа будзе разгледжана ў
апеляцыйным судзе, які прыме пад увагу ўсе дэталі абвінавачвання, якое
слухалася раённым судом у Беластоку.

Нагадаем, у траўні 2013 года кіраўнікі Руху “За Свабоду”,
кампаніі “Гавары праўду”, АГП, БХД, партыі “Справядлівы
свет” падпісалі зварот да Генпракурора Польшчы, у якім выказвалі
заклапочанасць прысудам Беластоцкага суда палітэмігранту Андрэю Жукаўцу. Ён абвінавачваўся
ў махлярстве пры атрыманні крэдытаў у Беларусі на суму 700 тысяч даляраў і быў
прысуджаны да штрафу і зняволення. Беларускія палітыкі звярталі ўвагу на тое,
што прысуд польскага боку грунтаваўся на матэрыялах, атрыманых ад беларускіх
суддзяў, якія спрычыніліся да пераследу апазіцыі і не маюць даверу.
Крымінальная справа, узбуджаная беларускімі сілавымі структурамі можа быць
помстай Жукаўцу за актыўную дапамогу дэмакратычным арганізацыям. Беларускія
палітыкі заклікалі польскую Генпракуратуру і Мінюст перагледзець вынесены
Жукаўцу прысуд і спыніць практыку супрацы з беларускімі суддзямі і пракурорамі,
якія заплямілі сваю рэпутацыю ўдзелам у палітычных працэсах.

 

Судовая справа Жукаўца знаходзіцца пад асабістым кантролем Генпракурора Польшчы (фота)
Судовая справа Жукаўца знаходзіцца пад асабістым кантролем Генпракурора Польшчы (фота)

Болей навін