Пружаны: супрацьстаянне вакол алкагольнай крамы у райвыканкаме
Жыхары Пружанаў, абураныя адкрыццём крамы брэсцкага лікёра-гарэлачнага завода “Белалка” насупраць сярэдняй школы №4, на сходзе ў вялікай залі райвынканкаму запатрабавалі закрыцця або пераносу гандлёвай кропкі. Акрамя ініцыятараў збору подпісаў, праваслаўных вернікаў, на сходзе выступалі пастары мясцовых пружанскіх цэркваў хрысціян веры евангельскай і евангельскіх хрысціян-баптыстаў, жыхары бліжэйшых дамоў, настаўніца школы. Большасць прысутных выказалася за закрыццё крамы, але намеснік кіраўніка райвыканкаму Вячаслаў Зубко абвясціў: “Мы не прыйшлі да адзінага меркавання, таму прымем рашэнне пазней”.
На думку прадстаўнікоў грамадскасці, улады хочуць “выпусціць пару” і захаваць краму менавіта на гэтым месцы. Між тым, брэсцкая абласная пракуратура прадпісала пружанскім уладам праверыць законнасць размяшчэння крамы ў 5-7 метрах ад уваходу на тэрыторыю школы.
Актывісты рыхтуюцца разгарнуць шырэйшую кампанію і гавораць: “Не дамо спойваць нашых дзяцей!”.