БХД заклікае абвесціць 17 верасня жалобнай датай нацыянальнай гісторыі (фота, відэа)
17 верасня 1939
года, дамовіўшыся з нацысцкай Нямеччынай, бальшавіцкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю
Заходняй Беларусі. Усходняя і Заходняя Беларусь з’ядналася ў гэты дзень, але
з’ядналася ў крыві.
На змену
польскаму прыгнёту, калі за краты кідаліся сотні беларускіх патрыётаў, у
Заходнюю Беларусь прыйшоў камуністычны тэрор, у выніку якога сотні тысяч
чалавек былі расстраляныя і сасланыя ў Сібір, забітыя без суду і следства.
17 верасня
беларусы з’ядналіся ў брацкіх магілах, раскіданых па ўсёй беларускай зямлі. Мы
павінны памятаць гэтую дату перадусім як дату смутку, як дату пашырэння
злачыннай камуністычнай ідэалогіі на ўсю тэрыторыю нашай краіны, вынікам чаго
стаў боль і смутак для ўсяго беларускага народу.
Беларуская
Хрысціянская Дэмакратыя ўшанавала дату 17 верасня супольнай талакой у
Курапатах. Была прыбраная ад смецця тэрыторыя мемарыялу, былі ўсталяваныя больш
за 20 крыжоў, на месцы тых, што згнілі і разбурыліся, а таксама на месцах, дзе
навакольныя жыхары ладзяць свой адпачынак, распіваюць алкаголь і раскідваюць
смецце на месцы масавых пахаванняў.