Пантыфік чарговы раз надаў увагу сітуацыі з арыштам ксяндза Лазара

03 кастрычніка 2013 17:24  |  Палітыка

Папа Рымскі Францішак цікавіцца лёсам кс. Уладзіслава Лазара. 3 кастрычніка 2013 г. падчас кароткай размовы з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, святаром чыёй архідыяцэзіі з’яўляецца арыштаваны, Пантыфік пацікавіўся ў іерарха “як выглядаюць справы” з ім.
 
“Папа выказаў сваю вялікую занепакоенасць гэтай справай і сказаў, што ён хоча ведаць, як яна развіваецца і будзе развівацца, як будзе вырашацца гэтая справа”, – сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Іерарх, які зараз знаходзіцца з візітам у Рыме, прызнаўся, што “быў моцна крануты” увагай Святога Айца.
 
“Тое, што Папа дэманструе сваю блізкасць да людзей – гэта не наігранае, не штучнае, ён ёсць такі”, – сказаў іерарх. Мітрапаліт лічыць Святога Айца “адным з нашых”, “ён такі ж, як беларусы, адкрыты для ўсіх і для кожнага”.

Болей навін