За чыстую ваду: улады не звяртаюць увагі на праблемы жыхароў Менска (фота)
З ініцыятывы аргкамітэту
па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” ў межах
кампаніі “За чыстую ваду” было сабрана і пададзена ў
дзевяць розных інстанцый 570 патрабаванняў з правядзеннем грамадскіх слуханняў
па праблеме якасці пітной вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах
Менска.
Праз месяц былі атрыманыя
адказы, у якіх улада робіць выгляд, што праблемы моцнай хларыраваннасці пітной
вады ў Мінску не існуе. Хоць улады і кажуць, што кожны год і прыходзяць
дзясяткі зваротаў, яны заяўляюць, што ўсё нармальна і заклікаюць не хвалявацца.
Пры гэтым яны не кажуць ніводнага слова пра грамадскія слуханні, хоць гэта і
было галоўным патрабаванем звароту.
Тое, наколькі ўсё
“нармальна”, вынікае з адказу. Так, адносна пытання пераводу Кастрычніцкага,
Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў з адкрытых крыніц водазабеспячэння на
артэзіянскія, Менгарвыканкам і адміністрацыя Фрунзенскага раёну кажуць, што
гэтыя працы будуць скончаныя ў 2018 годзе, а адміністрацыя Маскоўскага раёну і
Менскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі – у 2020 годзе.
“Відавочна, што ўлады
не апелююць дадзенымі пра рэальны стан працэсу, а займаюцца адпіскамі, каб не
сустракацца з людзьмі”, – адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.
Паводле яго словаў,
каардынатары кампаніі накіруюць скаргі ў Генпракуратуру на неабгрунтаваныя
адказы і невыкананне законных патрабаванняў аб правядзенні грамадскіх
слуханняў. “Калі будзе бяздзейнічаць і Генпракуратура, то будзем звяртацца
ў суд, бо наша задача – дамагчыся рэальных адказаў і грамадскага кантролю пераводу гораду на
артэзіянскія крыніцы”, – паведаміў Дзяніс Садоўскі.