Ліквідатара аварыі на ЧАЭС не хочуць лекаваць у Гомелі
Сябра
аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”
з Нароўлі, ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай АЭС Івана Віткоўскага адмаўляюць
лекаваць у адмысловым цэнтры радыяцыйнай медыцыны ў Гомелі.
У траўні ліквідатар
пасля доўгіх месяцаў узгадненняў здолеў нарэшце атрымаць накіраванне ў цэнтр і
прайсці там курс лекавання, але зараз выпіскай накіравання яму для лекавання
неўралагічных захворванняў ніхто займацца не збіраецца. Разам з тым, па словах
Івана Віткоўскага, людзі з сардэчнымі захворваннямі атрымліваюць накіраванні
без праблемаў.
Актывіст таксама
паведаміў, што здароўе яго ў апошні час пагоршылася, рэгулярна баліць галава,
спіна. “Калі раней я траціў прытомнасць раз на год, то за гэты год ужо
тройчы. Адзін раз нікога не было дому, дык я, калі ўпаў, яшчэ і рассёк сабе
шчаку”, – распавёў Іван Віткоўскі.
Амаль немагчыма,
паводле яго словаў, прайсці лекаванне і ў Нароўлі. “Хаця б каб курсы
кропельніцы пракапаць. Уколы я ўжо раблю сабе сам. Але дамагчыся кропельніцы ў
бальніцы амаль немагчыма. Даводзіцца ставіць яе дома”, – падкрэсліў
ліквідатар аварыі на ЧАЭС.