Што думаюць пра Паўла Севярынца жыхары вёскі, дзе ён адбыў 2,5 гады «хіміі»? (відэа)
Куплін (Пружанскі раён Берасцейскай вобласці) – месца, дзе ў даўнія часы размяшчаліся сядзібы вядомых дзеячаў ВКЛ ды Рэчы Паспалітай, цяпер перажывае ўпадак. Нешматлікія гістарычнаа-архітэктурныя помнікі – у паўразваленым стане. Нават сляды савецкай эпохі, помнік Леніну,ператвараюцца ў замшэлыя каменныя слупы.
Адное з нешматлікіх месцаў, дзе мясцовыя могуць зарабіць, – фермерская гаспадарка, на якой і «адматаў» сваю «хімію» Павал Севярынец. Усе, хто з ім пазнаёміўся, запомнілі Паўла як спакойнага, ураўнаважанага, ветлівага чалавека. «Я часамі прыходзіла на працу з кепскім настроем. Ён пару словаў пра Бога скажа – і ў мяне зусім іншы настрой», – узгадвае дзяўчына, што працуе на фермерскай гаспадарцы.
У камендатуры № 7 – каля 100 асобаў. «Усе яго паважалі», – гаворыць хлопец, што адбывае хімію ў Купліне.
За 2,5 гады, якія Павел Севярынец вымушаны быў дасядзець на гэтак званай «хіміі» ў вёсцы Куплін, яго наведалі каля 1 тыс. асобаў: журналісты, праваабаронцы, дыпламаты, паплечнікі. Цяпер Павал – на волі.