Павал Севярынец адказаў на пытаньні чытачоў “Радыё Свабода”

26 кастрычніка 2013 13:32  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня Беларускай
Хрысьціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец адказаў на пытаньні наведвальнікаў
“Радыё Свабода”.

 

Імя::Бенедзікт

21.10.2013 21:55

Спадар Павал, Вы пазіцыянуеце сябе, як палітыка. Таму да Вас толькі некалькі
пытаньняў са шматлікіх…

1. Як вядома Вы ўдзельнічалі ў расколе БНФ, у 1999 г. Ці не сорамна Вам за тыя
дзеяньні і тую пазіцыю, якую Вы тады займалі?

2. Надоечы Вы заявілі – “ва ўмовах фальсіфікацый проста немагчыма, каб
усе, хто перамог у рэальнасці, атрымаў дэпутацкія мандаты. Таму тактыка БХД
будзе такой: за тыдзень да выбараў мы аб’явім, што як палітычная сіла ў
фальсіфікацыі ўдзельнічаць не можам і не будзем. Мы выбралі сваіх народных
дэпутатаў, якія працуюць з людзьмі, яны будуць актыўна дзейнічаць у сваіх
акругах. На гэты момант у нас гатовыя вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых
саветаў блізу 200 чалавек”

Вы ўсьведамляеце, што беручы ўдзел у “выбарах” Вашая арганізацыя
(вольна ці невольна) спрыяе легімітызацыі антыбеларускай улады?
Вы верыце, што зьняцьце вашых людзей за тыдзень да выбараў прадэманструе
непрыняцьце выбарчай сістэмы рэжыма?

3. Што Вам замінае даносіць да людзей сваю палітыку не беручы ўдзел у рэжымным
выбарчым спэктаклі?

4. Якім палітычным дасягненьнем у сваім жыцьці Вы ганарыцеся?

5. На сайце Вашай арганізацыі у раздзеле “Хрысціянскія сайты” сярод
іншых чаму не падаюцца сайты Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы і
Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (хоць сайт філіі акупацыйнай РПЦ на Беларусі
– БПЦ прысутнічае)?

Дзякуй за адказы.

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 14:20

1. Дарагі Бенедзікт, на зьезьдзе БНФ у 1999-ым годзе і сам я як старшыня
“Маладога Фронту”, і дэлегацыя МФ выступалі за адзінства БНФ. У тагачасных
“Навінах БНФ” друкаваліся тэксты выступаў, раю вам іх перачытаць і не пашыраць
плёткі. Больш за тое, у перапынку паміж вырашальнымі галасаваньнямі менавіта
мне, 22-гадоваму хлопцу, давялося арганізоўваць прымірэнчую сустрэчу кіраўнікоў
двух фракцыяў. Бо абодва бакі сьвядома ішлі на канфрантацыю, спадзяючыся
атрымаць большасьць і разграміць апанэнтаў. А больш дзейсных міратворцаў, на
жаль, не знайшлося.

Вынік галасаваньня па кандыдатуры Пазьняка быў 256 за, 256 супраць. І гэты
юрыдычны пат і прадвызначыў раскол. Дарэчы, сам я тады галасаваў за Пазьняка,
бо і дагэтуль лічу яго нацыянальным лідэрам. Магчыма, мог бы тады зрабіць болей
для захаваньня адзінства. Але ж – ці ня сорамна сталым, сівым і мудрым дзеячам,
якія тады паддаліся ўзаемнай нянавісьці, цяпер вінаваціць у сваіх паразах
маладафронтаўцаў.

2. Рашэньне БХД дазваляе не прымаць удзел у фальшаваньнях, але адначасова
выкарыстоўваць магчымасьці кампаніі.

3. Хадзіць па кватэрах ня ў час кампаніі моцна перашкаджае рэжым. Спытайцеся ў
Вячаслава Шэлега, Жанны Шчарбінінай, сям’і Малашчанак – нашых мясцовых
актывістаў, якія сутыкаліся з нялюдзкім цкаваньнем. Адна справа – вечарком
выконваць ананімны барабанны дроб па клявіятуры, спадар Бенедзікт, а іншая –
асабіста дапамагаць людзям у вёсках і мікрараёнах. Але хрысьціянскія дэмакраты
ходзяць і па-за кампаніямі. Наведайце разьдзел “Рада народных дэпутатаў” на
нашым сайце https://bchd.info/ і ўбачыце паведамленьні пра сотні акцыяў за
апошнія гады.

4. Стварэньнем маладога Фронту – найбольш масавага руху беларускай
незалежніцкай моладзі, аднаўленьнем БХД і фармаваньнем беларускай нацыянальнай
ідэі як сутнасна хрысьціянскай.

5. Наконт беларускай грэка-каталіцкай царквы – гэта наша правіна. Выправім.


Імя::Аляксандр КалядкаГорад::Гомель

21.10.2013 23:26

Сардэчна віншую Вас, спадар Павал, з вызваленьнем!
Дазвольце задаць Вам пытанне, якое ўжо традыцыйна задаю гасцям «Свабоды».
Ці гатовыя Вы падтрымаць калектыўнае патрабаванне беларускіх блогераў аб
скліканні Усебеларускага народнага сходу НА САПРАЎДЫ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ АСНОВЕ?
Гаворка, такім чынам, ідзе не пра намэнклятурны сход, якіх мы бачылі ўжо
чатыры, а пра сход, дэлегаты якога ЎПЕРШЫНЮ павінны быць абраныя на аснове
ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права шляхам тайнага галасавання
(прычым пад жорсткім грамадскім і міжнародным кантролем), а сам сход –
надзелены паўнамоцтвамі ставіць і абмяркоўваць пытанні выключна па меркаванні
саміх дэлегатаў і прымаць па іх рашэнні, раўназначныя рашэнням рэспубліканскіх
рэферэндумаў.
Адпаведныя матэрыялы Вы можаце знайсці па спасылцы:
http://kolyadko.livejournal.com/66554.html
Са шчырай павагай,
Аляксандр Калядка і іншыя падпісанты (на дадзены момант – 309 чалавек).
ЖЫВЕ ДЭМАКРАТЫЧНАЯ БЕЛАРУСЬ!

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 14:21

Спадар Калядка, я не супраць. Плёну вам і іншым падпісантам.


Імя::SveГорад::Pardubice, Čechija

21.10.2013 23:29

Дарагі Пашу, пытанняў ня маю, і так усё важнае вядома. 🙂
Так цудоўна бачыць цябе на волі! Дачакаліся мы ўсе, урэшце. Слава Госпаду!
Спадзяюся, што ўжо ніколі не прыдзецца пісаць раманы – хоць гэта была найлепшая
школа беларускай мовы. 🙂
Хай Госпадзь дабраславіць цябе і ўсіх тваіх. Спадзяюся паспяховых супольных
праектаў. З нецярпеннем хутка чакаем у Чэхіі!

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 14:26

Дарагая Сьвятлана, вялікі дзякуй. Такому цудоўнаму чалавеку, як ты,
верніцы, арнітолягу, што самастойна вывучыла беларускую мову, перакладаеш на
чэскую кнігі, ладзіш сустрэчы, імпрэзы, служэньні для беларусаў – не перастаю
зьдзіўляцца.


Імя::Бенедиктша

22.10.2013 00:01

Я благодарна Богу за духовное путешествие в лукашизм, которое длится на
Беларуси уже 19 лет.
Вы благодарны Ему, я слышала, всего за три года духовного путешествия на
велосипеде по лесосекам Брестской области.

– Не согласились бы вместе со мной еще лет пять духовно попутешествовать по
лукашизму после выборов-2015 года?
– Какую щеку лучше всего подставить лукашизму в 2015-м – вашу или мою?

Да хранит нас, политиканов, Бог!

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 14:28

Вам здаецца, што вы ўдала пакпілі з Бога, ці з Нагорнай казані? Шкада вас.


Імя::мелетий

22.10.2013 00:12

Навошта вы спрыяеце легітымізацыі выбарчага фарсу, беручы ў ім удзел? Хто
фінансуе вашу арганізацыю?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 14:30

Ужо адказваў. Легітымізацыі рэжыму мы не спрыяем, выкарыстоўваем
магчымасьці кампаніі. БХД фінансуюць сябры. Калі маеце магчымасьці і жаданьні
дапамагчы грашыма – запрашаем.


Імя::ВольфГорад::Мінск

22.10.2013 11:24

Вітаю Вас, паважаны сп. Павел! Як Вам гулялася ў шахматы ў
“камендзе”, хто перамагаў? І яшчэ – як ставіцеся да “вольных
шахмат”, яны ж “шахматы-5039”?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 14:33

Дзякуй, Вольф, за дасланыя шахматныя часопісы. Трохі гуляў. Станоўча
стаўлюся да любых варыянтаў шахматных гульняў, бо яны разьвіваюць стратэгічнае
мысьленьне і лёгіку.


Імя::Крывіч

22.10.2013 11:29

Слава Ісусу Хрысту!
Вітаю Павал!
Віншую з датэрміновым вызваленьнем і не разумею такой ласкі ад акупацыйнага
рэжыма.
Не магу лічыць, што адмова ад Беларускай Царквы і шлях праз ерась да схізмы
ёсьць сумленным крокам твайго жыцьця. І не збіраюсь судзіць.
Бальшыня эўрапейскіх палітыкаў спекулюць ужываньнем слова
“хрысьціянскі” ў назвах сваіх партый. Ці не лічыш, што гэта каньюктура
і парушэньне 3-га наказу Закону Божага?
Маю павагу да асобных чальцоў аргкамітэту, але не магу так ставіцца да
бальшыні. Можа трэба зьмяніць канцэпцыю адбору сябраў, адмовіцца ад колькаснага
і прыпыніцца на якасным?
Ці знойдуцца ў цябе сілы, заклікаць сваех аднадумцаў да байкоту, больш шчырага
накірунку ў змаганьні з акупацыйным рэжымам?
Ваша думка пра беларускую эміграцыю?
Папярэдне дзякую за шчырасьць!

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 14:38

На векі вечныя амен. Дарагі Крывіч, у вас няслушная інфармацыя. Вызваленьне
не было датэрміновым, я адбыў тэрмін ад званка да званка. Проста дзень у СІЗА
залічваецца за два дні “хіміі”. Хрысьціянская дэмакратыя – гэта не схізма, не
ерась, гэта рэальнасьць эўрапейскай палітыкі. Для нас шмат у чым узор – гэта
Баварыя, хрысьціянская дэмакратыя, якая сапраўды імкнецца ўвасобіць Божыя
запаветы ў жыцьцё.

Наконт эміграцыі – не асуджаю тых, хто зьехаў з Беларусі. Гэта выбар кожнага.


Імя::Зміцер З.Горад::Менск

22.10.2013 11:38

Павал, як ты адчуваеш жыццё? Чым з’яўляецца яно для цябе? Што натхняе цябе
ў ім? Ці знайшоў ты тое адзінае, вартае пошукаў – што гэта? Адкажы, калі ласка.

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 14:42

Дзякуй Зьміцер. Уласна кажучы, усё наша жыцьцё – гэта няспыннае размова з
Богам, праз падзеі, учынкі, настроі. Таму адзінае, вартае пошуку – гэта Бог.
Шукайце валадарства нябеснае, а ўсё астатняе дадасца вам, — кажа Ісус.


Імя::Алесь Белы

22.10.2013 13:29

Ад сяброў БХД я не аднаразова чуў, што вы сапраўдны лідар хрысціянскіх
дэмакратаў. Шмат хто кажа, што Рымашэўскі, гэта так, чалавек на паказ, ён ужо
не мае вялікіх шансаў на перамогу і кансалідацыю беларускіх хрысціянаў вакол
БХД. Чаму б Вам не ачоліць партыю БХД і не стаць яе афіцыйным лідарам? Ці ёсць
у Вас такое жаданне і магчымасць, каб ачоліць БХД?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 14:57

Шаноўны Алесь, у нас у БХД сустаршынства – Зьмітрук, Рамашэўскі, Севярынец.
Сустаршынства добра працуе паводле прынцыпу падзелу абавязкаў, як каманда.
Віталь вельмі шмат зрабіў і для БХД, і для Беларусі. Тут пытаньне ня ў тым, хто
большы ці важнейшы. Пытаньне, які аб’ём адказнасьці ты можаш пацягнуць. Слава
Богу, пакуль спраўляемся разам.


Імя::Ясь

22.10.2013 13:51

Павал, цi зьбiраесся ты працаваць у традыцыйным для звычайнага беларуса
сэнсе гэтага слова – працауладкавацца на прадпрыемства цi у саугас якi i
атрымлiваць “белую” зарплату, ак яе атрымлiвае большасьць тваёх
суграмадзян; або па прыкладу тваёх “старэйшых таварышау – прафесiйных
рэвалюцыянерау” будзеш icнаваць на ганарары ад лекцый, выдавецтвау, прэмii
i гранты замежных фундацый i таму падобныя даходы?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 15:04

Дарагі Ясь, я працую пісьменьнікам, журналістам, працую ў партыі. З ласкі
рэжыму працаваў і ў лесе, і на складзе запчастак. Ісьці ў саўгас няма жаданьня,
бо і так працы мора.


Імя::Максім МушынаГорад::Рагачоў

22.10.2013 15:47

Прывітанне, Павал!

1. Беларусізм і літвінізм, ці гэта адна і тая ж ідэялогія, але з розным
акцынтам на гістарычнасць паходжання беларускага-літвінскага этнасу?

2. На сённяшні дзень азначэнне “беларускасці” распрацавана досыць
добра. А чым на вашую думку з’яўляецца “літвінскасць”? Ці сапраўды
можна сказаць, што гэта адна і тая ж культурная з’ява толькі пад рознымі
назвамі? Як Вы адчуваеце гэта, на ўзроўні сваёй “беларускай глыбіні”?


Імя::Марыя

22.10.2013 16:19

Сп. Севярынец, ці застаецеся вы ў згодзе са сп. Лукашэнкам у яго ацэнцы
“нетрадыцыйных” заходніх каштоўнасьцяў (перш за ўсё гомасэксуалізма)?
Вы пратэстант, але, магчыма, чулі пра пазыцыю новага Папы, які скарэктаваў
афіцыйнае стаўленьне каталіцкай царквы.

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 15:08

Марыя, у ацэнцы гомасэксуалізму я згодны з Богам і Бібліяй. Дарэчы, я
праваслаўны.


Імя::PowalaГорад::Minsk

22.10.2013 17:09

1. Выполнение своей функции винтика в выстроенном режимом механизме выборов
их участники чаще всего оправдывают тем, что именно на выборы традиционно
“случается” подъем активности людей. Вы тоже считаете, что партиям к
такой цикличности надо относиться как к смене времен года, покоряться ей
(заданному режимом расписанию) и просто принимать установленные правила игры?

2. Что мешает вашим потенциальным кадидатам работать с избирателями во время
выборов, не становясь кандидатами официально?

3. Как Вы относитесь к сохранению смертной казни в Беларуси?

4. Как Вы оцениваете влияние РПЦ на ситуацию в Беларуси начиная с 19 века, и
как Вы оцениваете это влияние сейчас?

5. Какую современную беларусскую партию Вы считаете наиболее близкой БХД? Какие
у вас с ней непримиримые отличия?

6. Что стоит за плагиатом исторических названий (организаций, партий, сми),
после которого новосозданное через некоторое время по тем или иным причинам
может начать компрометировать знаменитый источник? Почему для новой партии,
которую возглавляет православный, было взято имя уже внесшей себя в историю
Беларуси партии католиков? Ведь минимально можно было бы даже слова местами
поменять, если слов не хватает. Зачем использовать для старта авторитет,
завоеванный и выстраданный другими?

7. Как Вы оцениваете, как христианин, Третий гуманистический манифест?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 15:31

На першае і другое пытаньне ўжо адказаў.

3. Я супраць сьмяротнай кары, тым болей у сёньняшняй Беларусі, дзе пануе
беззаконьне.

4. “Брамы пекла царкву не адолеюць” – казаў Хрыстос. Ня гледзячы на тое, што ў
сёньняшняй РПЦ былі старонкі і адмовы ад веры, і супрацоўніцтва з КДБ – тым ня
менш людзі, якія напаўняюць царкву гэта ў першую чаргу супольнасьць хрысьціян.
Гэта не герархія і не структура.

5. Для нас блізкія тыя палітычныя сілы, якія зьяўляюцца правацэнтрысцкімі і
грунтуюцца на ідэі незалежнасьці Беларусі, дэмакратыі і маральных
каштоўнасьцях. Гэта БНФ, КХП БНФ, Малады Фронт. Нейкіх непераадольных
разыходжаньняў паміж намі я не бачу.

6. БХД у 1920-30 гады была ў асноўным каталіцкай, а ўвогуле шматканфэсійнай.
Для сёньняшняй Беларусі, якая знаходзіцца ў глыбокім маральным крызісе,
аднавіць палітычную сілу, угрунтаваную на маральных каштоўнасьцяў, проста
абавязак. Мы лічым сябе пераемнікамі справы ксяндзоў Станкевіча, Гадлеўскага,
іншых знакамітых дзеячоў пачатку 20-га стагодзьдзя.

7. На жаль, ці на шчасьце, я ня ведаю, што гэта такое.


Імя::Віталь

22.10.2013 17:31

Павал, было вельмі цікава чытаць Вашыя эсэ “Беларуская глыбіня”
пра Пружаншчыну.
Скажыце, ці плануеце далей працягваць пісаць іх? І як ужо спецыяліст па гэтаму
краю падкажыце, што можа так прывабліваць турытаў да тых краёў, дзе Вы адбывалі
хімію, бо па словах намесніка міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь
Ч.К. Шульга за 6 месяцаў сёлетняга года ў Пружанскім раёне аказана турыстычных
паслуг на суму 876,2 тысячы долараў ЗША, што амаль у 90 разоў вышэй, чым у
папярэднім годзе?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 15:35

Дзякуй, Віталь. Спадзяюся неўзабаве выдаць “Беларускую глыбіню” асобнай
кнігай. Турыстычны патэнцыял Пружаншчыны велізарны. Гэта і Белавеская пушча з
Віскулямі, мясьціны Юзэфа Крашэўскага, найбольш плоднага хрысьціянскага аўтара
ў сьвеце, Іцхака Рабіна, Міхася Забэйды-Суміцкага, Рыгора Шырмы.


Імя::вадзя

22.10.2013 18:42

Ци плануеце свой асабисты удзел у шэсци на Дзяды на Курапаты?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 15:35

Так.


Імя::ЯнГорад::Лагвінец

22.10.2013 19:46

Павал, вядома, што ваш паплечнік Віталь Рымашэўскі выставіў асноўным
сведкам абвінавачвання у справе Мікалая Статкевіча. Рымашэўскі, верагодна,
напісаў і прашэнне на імя Лукашэнкі, публічна не сказаўшы нічога пра факт і
прычыны свайго вызвалення.
Ці прымальна для хрысціянскага публічнага палітыка такія паводзіны? Наогул, як
вы пракаментуеце дзеянні Рымашэўскага?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 15:37

Віталю неаднаразова даводзілася самому ўсё тлумачыць і распавядаць. Для
хрысьціянскага палітыка важна быць адказным і ўмець прызнаваць свае памылкі.
Гэта Віталь умее.


Імя::Вольга ДземянчукГорад::Барысаў

22.10.2013 20:04

Спадар Павал,

Вернікі, якія бралі актыўны ўдзел у жыцці касцёла, дзе служыў айцец Лазар,
кажуць, што айца Лазара затрымаў КДБ, бо нейкі час раней у айца Лазара на
споведзі быў пэўны бізнэсмэн з жонкай, якога КДБ хоча схаваць у турму. КДБ
хацела на падставе тых дадзеных, якія бізнэсмэн сказаў айцу Лазару падчас сваёй
споведзі, сшыць справу і расправіцца з ім. Але айцец Лазар адмовіўся расказаць
КДБ у якіх грахах пакаяўся бізнэсмэн. Таму айца Лазара і пасадзілі, а зараз
катуюць і выбіваюць паказанні, але ксёнз маўчыць, бо верын Богу. Ці чулі Вы пра
гэта, Павал?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 15:42

Дарагая Вольга, дзякуй вам за допіс. Калі гэта сапраўды так, то мы тым
болей мусім патрабаваць свабоды для ксяндза Лазара. Споведзь – гэта безумоўная
таямніца. На месцы парафіянаў распавёў бы ўсю гісторыю для прэсы.


Імя::Не палітык

22.10.2013 21:25

Вітаю, Павал!
Зміцер Дашкевіч, вызваліўшыся з турмы, заявіў «Калі Павел Севярынец прыме
рашэнне балатавацца на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, я буду капаць за
яго днём і ноччу, і я ведаю, што будуць капаць тысячы людзей, бясплатна і
самааддана», а Глеб Лабадзенка выказаўся, што “Павал Севярынец – адзін з
самых сьветлых і шчырых людзей, якіх я ведаю. Да таго ж, ён разумны і
харызматычны. За ўсіх казаць не хачу, але я пайсьці за ім гатовы. Ведаю і шмат
іншых людзей, якія гатовыя”.

Як бачым, вельмі розныя людзі гатовыя ісці за Вамі, Павал. Як будзеце
выкарыстооўваць гэты патэнцыял ва ўмовах, калі Вам забаранілі ўдзельнічыцаць ў
выбарах у якасці кандыдата?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 16:11

Шчыра кажучы, хацеў бы, каб наступным прэзыдэнтам Беларусі быў бы сам
Зьміцер Дашкевіч. Валявы, адказны, адданы Богу і Беларусі чалавек, моцны лідэр.
А свой уласны патэнцыял я гатовы выкарыстоўваць для дапамогі палітвязьням –
Статкевічу, Васьковічу, Бяляцкаму, Аўтуховічу, Гайдухову, Парфянкову,
Аліневічу, Дзядку, Пракапенку, ксяндзу Лазару, эмігранту Андрэю Жукаўцу, якога
спрабуюць выдаць беларускаму карнаму правасудзьдзю. А таксама для ўмацаваньня
росту БХД, стварэньня магутнай хрысьціянскай плыні ў беларускім
грамадзка-палітычным жыцьці.


Імя::левГорад::минск

22.10.2013 21:28

Ваши слова:-Апазіцыя можа прыйсці да перамогі, толькі калі ў Беларусі будзе
зменены маральны клімат.

А может пришло время менять моральный климат среди оппозиции? Не слишком ли много
среди лидеров оппозиции болтунов и продажных личностей? Может пора говорить
правду, кто есть кто, а не делать вид, что все нормально и продолжать делать с
такими лидерами “общее дело”? Беларуский народ не пойдет за теми, кто
отрабатывает деньги и при первой возможности драпает за кардон. А может все
туда сбежим?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 16:23

У беларускай апазыцыі, як і ў грамадзтве, хапае ўсяго. Калі ўмееце лепш –
запрашаем, далучайцеся, падтрымаем. Разумею вашае расчараваньне, але ёсьць і
добрая навіна: той, хто ніколі вас не расчаруе, заўсёды побач. Гэта Ісус
Хрыстос.


Імя::Рыгор

22.10.2013 22:28

Учора падчас прэс-канферэнцыі Вы заявілі, што бачыце агульнанацыянальным
лідарам такіх дюдзей, як Статкевіч, Аўтуховіч, Казулін і што будзеце
сустракацца з усімі нацыянальнымі рухамі, каб пераканаць у неабходнасці
працаваць на аднаго чалавека.

Зыходзячы з таго, што з пералічаных асобаў да прэзідэнцкіх выбараў непагашанай
судзімасці не будзе толькі ў Казуліна і астатніх не зарэгіструюць і не дадуць
магчымасці легальна агітаваць за агульнанацыянальную праграму, ці мяркуеце Вы,
Павал, як асноўную кандыдатуру на ролю нацыянальнага лідара на сваіх перамовах
прапаноўваць менавіта Казуліна?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 16:26

Дарагі Рыгор, адназначнага адказу на пытаньне “хто, калі ня ён” — пакуль
ня маю. Прапаноўваць буду спосаб і мэханізм яднаньне, а не агітаваць за
кагосьці асабіста.

 

 

Імя::МіхалГорад::Менск

22.10.2013 23:02

Паважаны Павал, як можна весці размову пра нейкія выбары адзінага кандыдыта
ад апазыцыі, калі ён ужо ёсць, выбраны- Мікалай Статкевіч.

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 16:29

Шаноўны Міхал. Падзяляе вашу павагу да Міколы Статкевіча. Яго сапраўды
“выбраў” рэжым, бо ён адзіны з кандыдатаў Плошчы дагэтуль сядзіць за кратамі.
Але каб арганізаваць людзей вакол яго, патрэбны ўсебеларускі зьезд, або
кангрэс, патрэбныя каманды і стратэгія. Дэмакратыя патрабуе галасаваньня нават
тады, калі ягоныя вынікі відавочныя.


Імя::Учитель математики

22.10.2013 23:21

А давайте отберем у Лукашенко Дворец Независимости и поделим?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 16:38

Адняць і падзяліць – гэта два асноўныя арытметычныя дзеяньні з чатырох,
якія ведалі камуністы. А вось як дадаць і памножыць – пытаньне да нас з вамі.
БХД ведае як.


Імя::Заранка

23.10.2013 10:38

Павал, з моманту вызвалення з Малога Сітна Вы, мабыць, туды больш ніколі не
наведваліся. Ці будуць забытыя і Куплін з Пружанамі, як месцы, што напамінаюць
пра няволю, альбо Вы возьмецеся за пад’ём і адраджэнне гэтых мясцін?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 16:40

Дарагая Заранка, сіценцам я абяцаў вярнуцца толькі з перамогай. А што да
Пружанаў і Купліна – зьбіраюся туды ўжо 7-8 лістапада.


Імя::ЧытачГорад::Мінск

23.10.2013 11:22

Жывучы ў Мінску складваецца ўражанне, што большасць супраць Лукашэнкі. Яго
не любяць студэнты, з яго пасміхаюцца выкладчыкі ва ўніверсітэце, яго не
разумеюць прадпрымальнікі і кіраўнікі арганізацыяў.

А якія адносіны да яго ў маленькіх гарадах, вёсках, у камендатуры з боку тых
людзей, з кім Вам даводзілася гутарыць за апошнія тры гады?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 16:41

Настроі такія самыя, дарагі чытач. Пасьля 2011 году даверу да ўлады няма.


Імя::ПалігоншчыкГорад::Ласасін

23.10.2013 11:31

Павал, ці маеце намер прыняць удзел у арганізацыі альбо правядзенні
мерапрыемстваў, прысвечаных 150-годдзю паўстання Каліноўскага?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 16:41

Вядома, зьбіраюся


Імя::Мірон

23.10.2013 11:49

За апошнія гады Пружаны пазбавіліся двух незалежных газетаў – “Голас
Пружаны” і “Газета для вас”. Зразумела, што ў пружанцаў ёсць
магчымасць слухаць “Радыё Свабоду”, некаторым глядзець Белсат, чытаць
“Нашу Ніву”, але там абмяркоўваюцца агульнанацыянальныя праблемы, а
як задавольваецца патрэба мясцовых у незалежнай рэгіянальнай інфармацыі?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 16:45

Мне часта даводзілася заходзіць на сайт http://pruzhany.net , чытаць
“Крынічку Бярозаўскую”, якую выдае Анатоль Сахаруша. Таксама паведамляю вам,
што некалькі дзясяткаў падпісчыкаў Хрысьціянска-дэмакратычнай
“Крыніцы” ўжо ёсьць.


Імя::1-2

23.10.2013 11:57

1.Вы, згодныя з тым, што нацыянальнага лідара абірае народ, у адпаведнасьці зь
ягонымі дзеяньнямі, а не нейкая паліттусоўка?
2.Як Вы ацэньваеце стаўленьне З.Пазьняка да псэўдаапазіцыі?

Адказаць

Імя::Госьць

23.10.2013 16:51

1. Вядома, лідэра выбірае народ. Але праз сваіх прадстаўнікоў.

2. Да самога Зянона Пазьняка стаўлюся з безумоўнай павагай. Гэта чалавек, які
ўвойдзе ў беларускую гісторыю як ключавая постаць 20 стагодзьдзя. Ёсьць шмат
праўды ў ягоных ацэнках дзеяньняў сёньняшніх палітычных структурах. Але ягонага
нэгатыўнага стаўленьня да многіх вартых асобаў – Мікалая Статкевіча, Алеся
Бяляцкага, Алены Макоўскай ды іншых – прыняць не магу.


Імя::Змагар з рэжымамі

23.10.2013 12:54

Тры гады без вас нам, змагарам, не было чым заняцца, акрамя чытання вашых
запісак з лесу на Нашай Ніве.

Як цяпер жыць надалей?
Зноў чытаць, дый шчэ і слухаць вас?
Ці можа якой слушнай справай заняцца нам, змагарам?..

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 16:53

Рады за вас, змагар. Галоўнае – змагайцеся.


Імя::Вэб-рэдактарГорад::Прага

23.10.2013 14:44

На гэтым прыём пытаньняў скончаны. Дзякуй усім, хто браў удзел у
онлайн-канфэрэнцыі.

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

23.10.2013 16:55

Дзякуй за пытаньні, дарагія слухачы, чытачы і гледачы “Свабоды”. Разумею,
што расчараваньне часта нараджае адчай і адчуваньне безвыходнасьці. Беларусі
патрэбна маральная рэвалюцыя, пакаяньне, зьмена настрою са страху і нянавісьці
да веры і любові. Верым, можам, пераможам!

Болей навін