Сталінізм у дзеянні: на Кальварыі затрымалі 23 удзельнікаў жалобнага марафону (абноўлена)

29 кастрычніка 2013 12:20  |  Палітыка

 

Людзей,
якія ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій, адвялі ў Фрунзенскі РУУС. Сярод затрыманых — журналісты.

 

Невядомая
жанчына ў РУУС патрабуе ўсіх назваць свае імёны і прозвішчы. Сама пры гэтым
назвацца адмаўляецца.

 

Штогод памяць ахвяр ушаноўваецца 29 кастрычніка — у
дзень, калі расстрэлы нявінных дзеячоў інтэлігенцыі ў Мінску дайшлі да піку.
Сёння грамадскія актывісты пачалі мерапрыемства з ушанавання месца растрэлаў
нявінных людзей на Кальварыйскіх могілках. Як звычайна, людзі ўсклалі кветкі,
запалілі знічы і разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг. Акцыя працягнулася нядоўга —
з’явіліся супрацоўнікі міліцыі і папрасілі ўсіх удзельнікаў і журналістаў
прайсці ў РУУС Фрунзенскага раёна для высвятлення асобаў.

 

Агулам былі затрыманыя 23 чалавекі, вядомыя імёны
некаторых з іх — гэта Ілля Дабратвор з 8-гадовым сынам Яўсеем, Уладімір
Раманоўскі, Максім Сямёнаў, Алесь Макаеў, Мікалай Бамбіза, Алесь Прысмакоў,
Таццяна Францкевіч (маці палітвязня), Яўген Батура, сп-р Макаў, Ніна Багінская,
Аляксей Шэін, Кацярына Садоўская, Галіна Сіўчык, Сяргей Ханжанкоў, Таццяна
Уласенка. У міліцыі таксама знаходзяцца журналісты “Радыё Свабода” і “Белсата”, перадае “Еўрарадыё”.

 

Пасля Кальварыйскіх могілак марафон мусіў працягвацца ў
Драздах, Трасцянцы, Лошыцы і на Курапатах.

 

13:55 З пастарунку пачалі выпускаць удзельнікаў акцыі. Першымі выйшлі прадпрымальнік Алесь Макаеў і актывіст БХД Аляксей Шэін, перадае Радыё Свабода.

 

14:05 Міліцыянты адпусьцілі Ганну Шапуцьку і Ільлю Дабратвора з сынам.

 

14:08 Вызвалілі ўсіх удзельнікаў акцыі. Апошняй з кійком выйшла Галіна Сіўчык. Міліцыянты хацелі забраць бел-чырвона-белы шалік, але яна не аддала.

 

Болей навін