“Маладыя хрысціянскія дэмакраты” і “Маладыя дэмакраты” разам правядуць мясцовую кампанію 2014 (відэа)

29 кастрычніка 2013 17:03  |  Галоўныя навіны

“Маладыя хрысціянскія
дэмакраты” і “Маладыя дэмакраты” маюць намер сумесна правесці
мясцовую выбарчую кампанію 2014 года. Пра гэта заявілі лідэры арганізацый
Марына Хоміч і Аляксандра Васілевіч 29 кастрычніка на прэс – канферэнцыі ў Менску,
перадае БелаПАН.

 

“Гэта пазітыўная падзея:
у той час як апазіцыйныя партыі не могуць дамовіцца, мы аб’яднаем свае
намаганні ў рамках канкрэтнай кампаніі”, – сказала Хоміч.

 

Паводле яе слоў, і “Маладыя
хрысціянскія дэмакраты”, і “Маладыя дэмакраты” разумеюць, што “свабодных
выбараў у Беларусі няма, аднак выбарчую кампанію можна выкарыстоўваць у сваіх
мэтах, распавядаючы выбаршчыкам праўду пра сітуацыю ў краіне і адстойваючы правы
моладзі”.

 

“Мы ўпэўненыя, што без
сумленных выбараў немагчыма ўплываць на сітуацыю ў краіне, у тым ліку ў дачыненні
да моладзевай палітыкі. Калі сітуацыя не зменіцца, маладыя людзі ўсё так жа
будуць імкнуцца з’ехаць вучыцца і жыць за мяжой”, – сказала Васілевіч.

 

Хоміч і Васілевіч падпісалі
заяву, якая тычыцца ўдзелу ў мясцовых выбарах. Яны заклікалі іншыя моладзевыя
арганізацыі далучыцца да дакумента і сумесна адстойваць правы моладзі.

 

У заяве адзначаецца: “Кампанія
так званых мясцовых выбараў, якую рыхтуе Ярмошына па старым сцэнары, з’яўляецца
недэмакратычнай. Любыя вынікі такіх выбараў мы прызнаем нелегітымнымі”.

 

У той жа час гаворыцца, што
адсутнасць ніжняга парога яўкі выбаршчыкаў на мясцовых выбарах робіць
прымальным правядзенне інфармацыйнай кампаніі шляхам вылучэння кандыдатаў у
дэпутаты. Пры гэтым лічацца “недапушчальнымі заклікі да грамадзян краіны
ўдзельнічаць у самім галасаванні”.

 

Моладзевыя арганізацыі
плануюць выкарыстоўваць мясцовую выбарчую кампанію для “данясення
інфармацыі аб злачынствах, якія ажыццяўляе дзеючы рэжым, а таксама для
арганізацыі моладзі на сумесныя дзеянні па абароне сваіх правоў”.

 

Болей навін