За просьбу прыбраць расейскі сцяг з аўтобуса затрымалі актывіста БХД

31 кастрычніка 2013 14:33  |  Палітыка

У Менску быў затрыманы актывіст аргкамітэту па
стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Алесь Кутасаў,
які папрасіў прыбраць сцяг з лабавога шкла аўтобусу “Калодзішчы-Менск”.

 

Зайшоўшы ў аўтобус і пабачыўшы расейскі сцяг, Алесь
Кутасаў на першым жа прыпынку папрасіў кіроўцу прыбраць сцяг, але той,
агрызнуўшыся, зачыніў вакенца. На наступным прыпынку ў аўтобус увайшла
кандуктар, якая папрасіла паказаць дакументы на праезд. “Я ёй сказаў, што
аплачу толькі тады, калі будзе прыбраны сцяг”, – адзначыў актывіст.

 

Тады яму грубым тонам паведамілі, што адвязуць на
дыспетчарскую станцыю, дзе перададуць міліцыі. Пры гэтым усю дарогу да Д/С
Алесю Кутасаву пагражалі. На дыспетчарскай станцыі кандуктар перадала актывіста
міліцыянтам, абвінаваціўшы яго ў тым, што ён дэбашырыў і ледзь не лез у кабіну
кіроўцы. Разам з тым прайсці ў міліцэйскі пастарунак для запісу паказанняў
кандуктар адмовілася, а кіроўца між тым прыбраў сцяг з аўтобуса.

 

Па дарозе ў пастарунак міліцыянты абураліся, што
Алесь Кутасаў размаўляе па-беларуску, бо, паводле іх словаў, беларускай мовы не
існуе, а існуе толькі трасянка, а Расея з’яўляецца найбліжэйшым хаўруснікам
Беларусі. У адказ актывіст заявіў, што лічыць расейскі сцяг сімвалам расейскай
акупацыі. Паколькі ж аўтобус з’яўляецца дзяржаўнай уласнасці і аплочваецца
грамадзянамі, у тым ліку і ў выглядзе падаткаў, то і падобных прадметаў у
грамадскім транспарце быць не павінна, сказаў ён.

 

У пастарунку Алеся Кутасава пратрымалі дзесяць
хвілін і, “прабіўшы па базе”, адпусцілі, запісаўшы, што правялі
тлумачальную размову.

 

Між тым актывіст БХД ужо даслаў скаргу у Мінсктранс.
“Чакаю адказу”, – адзначыў ён.

Болей навін