Павал Севярынец: нам патрэбна маральная рэвалюцыя
Павел Севярынец на
сустрэчы 2 лістапада ў Гомелі падзякаваў гамяльчанам, якія пісалі яму лісты ў
спецкамендатуры, дзе ён адбываў пакаранне за ўдзел у падзеях на Плошчы ў 2010
годзе. З Гомеля яму пісалі 14 чалавек, з шасцю з якіх палітык не быў знаёмы
раней.
Па словах былога
палітвязня, тры гады, праведзеныя ў спецкамендатуры, сталі для яго часам
роздумаў і асэнсавання, у тым ліку і памылак. «Мяне саслалі туды, дзе можна
вымяраць беларускую глыбіню, пра што я і пісаў эсэ ў газету «Наша ніва».
Спадзяюся, што гэтыя эсэ ўвойдуць у асобную кнігу», – заўважыў палітык.
Ён падзяліўся
сваім бачаннем сітуацыі ў Беларусі пасля 2010 года. У прыватнасці, на яго думку,
народ страціў давер да ўлады, але, тым не менш, і рэйтынг апазіцыі не расце, і
шэрагі яе ня шырацца, а наадварот.
«Нам патрэбна
маральная рэвалюцыя. Семдзесят гадоў камунізму, дваццаць гадоў кіравання
Лукашэнкі – гэтае стагоддзе разбурыла ў народа маральныя асновы, народ
навучыўся жыць па хлусні, красці, баяцца, страх стаў нормай. На гэтым падмурку
нельга пабудаваць нармальную дзяржаву», – патлумачыў Севярынец.
Прычына такой
сітуацыі, на думку палітыка – беларусы не пакаяліся ў грахах, жылі не па Божых
запаведзях, якія не захавалі памяць, мову, культуру. «Не было пакаяння – няма і
духоўнага падмурка», – лічыць палітык.
Ён таксама
падкрэсліў, што калі чалавек крадзе, падманвае, баіцца – то ён перастае быць
апазіцыяй, і ён ужо «не рашэнне, а частка праблемы».
Актывісты
аргкамітэта па стварэнні партыі БХД маюць намер удзельнічаць у назіранні і
стварыць «альтэрнатыўныя мясцовыя ўрада». Гэта значыць, у гарадах і пасёлках
арганізаваць каманды людзей – спецыялістаў і экспертаў у розных сферах, якія
будуць дапамагаць жыхарам вырашаць лакальныя пытанні, а таксама каардынаваць і
кансалідаваць грамадзян.
Па словах
Севярынца, БХД робіць крокі да адзінства апазіцыі і да таго, каб на
прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе быў адзіны кандыдат. «Ёсць два альянсы цяпер
– «Народны рэферэндум» і альянс за справядлівыя выбары “Талака”.
Паміж гэтымі альянсу мала адрозненняў. Мы свядома знаходзімся паміж імі, але
стараемся зблізіць і тых, і іншых», – дадаў сустаршыня аргкамітэта.