Віталь Рымашэўскі падпісаў зварот аб спыненні будаўніцтва Беларускай АЭС

06 лістапада 2013 06:55  |  Палітыка

Сустаршыня
Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі 5 лістапада як прыватная
асоба падпісаў зварот беларускай грамадскасці аб спыненні будаўніцтва
Беларускай АЭС. Управа БХД прыме рашэнне па гэтым пытанні 6 лістапада.

 

Прадстаўнікі
беларускай грамадскасці падпісалі адкрыты зварот у Дэпартамент па ядзернай і
радыяцыйнай бяспецы МНС, у якім заклікалі адклікаць ліцэнзію на збудаванне
ўстаноўкі першага энергаблока Беларускай АЭС, перадае БелаПАН.

 

Зварот падпісалі таксама
прадстаўнікамі Беларускай партыі “Зялёныя”, ГА « Экадом »,
аргкамітэту стварэння руху ” Вучоныя за бяз’ядзерную Беларусь ! »,
Грамадскай экалагічнай экспертызы праекта Беларускай АЭС, грамадскай кампаніі
«Астравецкая атамная – гэта злачынства!”, Беларускай сацыял -дэмакратычнай
партыі ( Грамада ), Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

 

Падпісанты
спасылаюцца на артыкул 15 закона “Аб выкарыстанні атамнай энергіі”.
Артыкул, у прыватнасці, абвяшчае: «Рашэнне аб збудаванні ядзернай устаноўкi i (
або) пункта захоўвання павінна быць адменена, а іх збудаванне спынена ў выпадку
выяўлення фактараў, якія цягнуць зніжэнне ўзроўню бяспекі гэтых аб’ектаў,
забруджванне навакольнага асяроддзя ці іншыя неспрыяльныя наступствы».

 

Грамадскасць
звяртае ўвагу на атрыманне новых доказаў таго, што дакументацыя афіцыйнай
Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) праекта Беларускай АЭС «праведзена
некарэктна» – з прыніжэннем дадзеных аб магчымым уздзеянні станцыі на здароўе
людзей і навакольнае асяроддзе ў выпадку цяжкай аварыі.

 

Па словах аўтараў,
гэта выклікае іх «скрайнюю занепакоенасць» і непасрэдна ўплывае на павышэнне
ўзроўню небяспекі будучай АЭС.

 

Паводле даследаванняў
аўстрыйскага Універсітэта прыродных рэсурсаў і прыкладных навук аб жыцці,
цяжкая пазапраектная аварыя на адным з рэактараў астравецкай АЭС можа прывесці
да забруджвання радыеактыўным цэзіем – 137 у колькасці, небяспечным для
сельскай гаспадаркі і для здароўя людзей тэрыторыі ў радыусе больш за 300
кіламетраў ад аварыйнага рэактара, якая можа ўключаць Менск, Віцебск, Полацак.

 

Гэта можа
запатрабаваць адсялення жыхароў дадзенай тэрыторыі. «Аднак у высновах афіцыйнай
АУНА праекта Беларускай АЭС не гаворыцца аб такой неабходнасці», –
падкрэсліваецца ў звароце грамадскасці.

 

Акрамя таго,
адзначаюць прадстаўнікі грамадскасці, «працы нулявога цыклу па ўзвядзенні
рэактарных будынкаў першага і другога энергаблока пачаліся да атрымання
беларускім бокам праектнай дакументацыі, у прыватнасці, архітэктурнага праекта,
а таксама да дзяржаўнай экспертызы праекта і выдачы ліцэнзіі на збудаванне
ядзернай ўстаноўкі».

 

На думку аўтараў
звароту, гэтыя факты “істотна павялічваюць рызыкі астравецкай АЭС, у тым
ліку, рызыкі здарэнняў з сур’ёзнымі наступствамі для здароўя грамадзян”.

 

У сувязі з гэтым
аўтары звароту просяць па кожным з фактараў правесці асобнае расследаванне,
адклікаць выдадзеную ліцэнзію на збудаванне ядзернай ўстаноўкі энергаблока № 1
Беларускай АЭС і адмяніць рашэнне аб яе будынку.

Болей навін