125 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Гадлеўскага

17.11.2013, 00:26  |  БХД, Культура

125 гадоў таму, 16 лістапада 1888 года, у вёсцы Шурычы на Гарадзеншчыне нарадзіўся адзін з заснавальнікаў і лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.

 

Адзін з найбуйнейшых беларускіх нацыянальных дзеячаў Заходняй Беларусі, перакладчык на беларускую мову "Новага Запавету" скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію. У 1927 годзе быў асуджаны польскімі ўладамі на два гады зняволення за палітычную дзейнасць.

 

З пачаткам другой сусветнай вайны заснаваў падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю, якая стаяла на пазіцыях незалежнасці Беларусі як Нямеччыны, так і ад СССР. жыў у Вільні.

 

Нямецкія ўлады арыштавалі Вінцэнта Гадлеўскага 24 снежня 1942 года пасля Імшы ў Чырвоным касцёле і расстралялі ў Трасцянцы пад Менскам.

 

Нагадаем, з нагоды 70 год з дня пакутніцкай смерці айца Вінцэнта Гадлеўскага, а таксама да 120-годдзя нараджэння іншага выбітнага грамадскага, палітычнага і рэлігійнага дзеяча, гісторыка, пісьменніка,  выдаўца, пакутніка ГУЛАГу ксяндза Адама Станкевіча, БХД абвесціла 2012 год годам памяці айцоў Вінцэнта Гадлеўскага і Адама Станкевіча. Быў створаны аргкамітэт ушанавання іх памяці з прыцягненнем шырокай беларускай грамадзкасці і прадстаўнікоў Каталіцкага касцёлу. Цягам усяго году ў Менску і іншых мясцінах Беларусі, а таксама ў Вільні і Варшаве праводзіліся шматлікія мемарыяльныя мерапрыемствы, якія скончыліся канферэнцыяй, прысвечанай Вінцэнту Гадлеўскаму. Навукоўцы падрыхтавалі да друку збор твораў Гадлеўскага, які на іх думку мусіць стаць сенсацыйным.

Адкрыты рахунак для збору сродкаў на ўсталяванне помніку Вінцэнту Гадлеўскаму ў Трасцянцы. Аргкамітэт БХД заклікае ўсіх неабыякавых ахвяраваць сродкі на ўсталяванне мемарыялу беларускаму нацыянальнаму лідару: ф-л 514 ААТ "ААБ Беларусбанк", УНП 100420097, код банка 614, р/р 3819382102369. Абавякова пазначаць у назначэнні: ахвяраванне на дабрачынны рахунак №.000001 Былі надрукаваныя календары і плакаты ў памяць пра Вінцэнта Гадлеўскага і Адама Станкевіча, запушчаны сайт, прысвечаны ўшанаванню памяці святароў - http://data.zmk-by.org/.

 

Навіны па тэме