«Міжнародную амністыю» просяць прызнаць ксяндза Лазара палітвязням (відэа)

15 лістапада 2013 16:03  |  Палітыка

На думку трох
апазіцыйных арганізацый, ксёндз Уладзіслаў Лазар, які ўжо некалькі месяцаў
знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, павінен быць прызнаны палітвязням.

 

Пра гэта 15
лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску заявілі прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні
партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, міжнароднага грамадскага
аб’яднання «Малады фронт» (Чэхія ) і праваабарончага руху «За волю», перадае
БелаПАН.

 

Па словах
сустаршыні БХД Паўла Севярынца, прадстаўнікі пералічаных арганізацый лічаць,
што далейшае знаходжанне ксяндза Лазара ў СІЗА КДБ пагражае яго жыццю і здароўю
: «Ужо прайшло шмат часу, аднак нічога новага пра тое, у чым яго абвінавачваюць,
вядома не стала. Мы не бачым прыкмет вінаватасці ксяндза Лазара, лічым яго
палітычным закладнікам».

 

Ён паведаміў, што
тры арганізацыі маюць намер звярнуцца да праваабарончай арганізацыі “Міжнародная
амністыя” з заклікам прызнаць ксяндза Лазара палітвязням.

 

Сустаршыня «Маладога
фронту» Зміцер Дашкевіч дадаў, што прызнаць ксяндза Лазара палітычным вязнем
павінны і беларускія праваабарончыя арганізацыі. «Не думаю, што трэба чакаць
суда, нічога новага мы ад яго не даведаемся», – сказаў ён.

 

Таксама дадзеныя
арганізацыі маюць намер перадаць удзельнікам II Усебеларускай сустрэчы святароў
Рыма-Каталіцкага Касцёла «Святло веры – святарская вернасць», якая праходзіць
15 лістапада ў Мінску, заклік падтрымаць ксяндза Уладзіслава Лазара, які ўжо
некалькі месяцаў знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.

 

«Спадзяюся,
удзельнікі мерапрыемства выкажуць сваю пазіцыю ў дачыненні да справы ксяндза
Лазара», – сказаў Севярынец. Як ён заўважыў, тысячы вернікаў патрабуюць
вызваліць ксяндза Лазара : «Толькі БХД сабрала больш за 5 тысяч подпісаў у яго
падтрымку».

 

Дашкевічу
«незразумела, чаму Каталіцкі Касцёл займае нявызначаную пазіцыю ў справе
ксяндза Лазара». «Калі грамадскасць і касцёл не будуць патрабаваць вызваліць
ксяндза Лазара, з часам рэжым можа пачаць пераследваць і іншых каталіцкіх
святароў», – лічыць ён.

Болей навін