У Смалянах забілі праваслаўнага святара
У вёсцы Смаляны Аршанскага раёну ў ноч на 22
лістапада забіты мясцовы праваслаўны святар, настаяцель царквы Праабражэння
Гасподня айцец Аляксандр Марозаў. Паводле непацверджанай інфармацыі, забойца –
чалавек, якому святар дапамагаў і, магчыма, пусціў да сябе пераночыць.
Як адзначыў Павел Каралёў, які быў асабіста знаёмы
са святаром, айцец Аляксандр вельмі моцна апекаваўся будынкам царквы, што была
пабудавана ў XVIII ст., і
якая пры ім набыла належны выгляд. Ён таксама добраўпарадкаваў тэрыторыю вакол
царквы, збудаваў падземны храм.
Святар таксама быў адкрыты да розных прапаноў,
удзельнічаў у правядзенні мастацкага пленэру у Смалянах, дапамагаў валанцёрам,
якія даследвалі гісторыю вёскі і былога каталіцкага кляштара дамініканаў.
Дарэчы, менавіта яго заслуга, што кляштар не быў цалкам зруйнаваны, бо ён
першым паведаміў пра спробы ўладаў знішчыць мураваны помнік гісторыі і
культуры XVII ст.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя выказвае шчырыя
спачуванні сваякам, знаёмым і прыхаджанам забітага святара і моліцца за супакой
ягонай душы.