Павел Севярынец: Украіна стала на шлях «беларусізацыі» (відэа)

03 снежня 2013 09:40  |  Галоўныя навіны

Падчас
саміту Усходняга партнёрства ў Вільні сустаршыня аргкамітэта па стварэнні
партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец разам з
прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі сустракаўся з
прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце, а таксама лідарамі ўкраінскай апазицыі
Арсеніем Яцанюком і Віталём Клічко.

 

У
інтэрв’ю БелаПАН палітык распавёў пра свае ўражанні ад саміту, сітуацыі ва
Украіне і перспектывах рашэння беларускіх праблем:

 

«У
першую чаргу саміт быў вялікім расчараваннем для ЕС па лініі дзяржаў. Таму што
дзяржаўная ўлада ў большасці краін фактычна адмовілася ісці ў Еўропу.
Постсавецкі клуб аўтарытарных або напалову аўтарытарных краін у рэшце рэшт
маўкліва дащ зразумець, што на гэты момант Еўропа ім не патрэбна. Расія
аплачвае іх выдаткі, а заходнія каштоўнасці і стандарты для іх – занадта цяжкі
груз. Таму еўрапейцы вырашылі пераключыцца на апазицыю, грамадзянская
супольнасць у гэтых краінах і перанесці цэнтр цяжару сваіх намаганняў як раз на
вядомую «мяккую сілу».

 

Сітуацыя
ў Украіне была асноўнай, «тым вірам, вакол якога і круціўся віленскі саміт»,
кажа Севярынец.

 

«Еўрапейцы
да апошняга давалі шанец Януковічу, нават пры тым, што Юлія Цімашэнка
застанецца ў турме, падпісаць пагадненне аб асацыяцыі, – адзначае ён. – Гэтага
не адбылося, еўрапейцы раззлаваныя. Яны фармулююць зараз новы парадак дня ў
дачыненні да Украіны і астатніх, у поўны голас кажуць пра «беларусізацыю»
Украіны, аб тым, што Януковіч ідзе шляхам Лукашэнки. І, безумоўна, усё гэта
накладае адбітак на еўрапейска-беларускія стасункі».

 

Адказваючы
на пытанне, чым адрозніваецца палітычная сітуацыя ва Украіне ад беларускай,
сустаршыня БХД падкрэсліў: «Украіна – не Беларусь, у Украіны, скажам так,
тактыка ківача то на Усход, то на Захад выглядае больш раўнамернай. У Беларусі
любыя заходнія ініцыятывы Лукашэнкі – гэта толькі шантаж Масквы. <…> Да
гэтага Януковічу дайсці будзе цяжка – занадта вялікі супраціў ўкраінскага
грамадства, структураваная апазіцыя, сіл ў нацыянальнай свядомасці ў украінцаў
пабольш. Разам з тым вектар – ясны, украінскаму Майдану проста б’юць у твар.
Таму што ў 2004 годзе не змаглі, цяпер адбываецца своеасаблівы рэванш, і,
вядома, шмат у чым ад саміх украінцаў залежыць, наколькі моцным будзе адказ
Януковічу».

 

Ці
не апынулася цяпер беларуская сітуацыя ў цені ўкраінскай праблематыкі?

 

У
Паўла Севярынца на гэты конт іншае меркаванне: «Калі б саміт завяршыўся
трыумфам Украіны, то тады Беларусь як раз адышла б на другі план. Але зараз
ёсць прынамси два фактары, якія вымушаюць еўрапейцаў больш уважліва прыгледзецца
да Беларусі. Першы – гэта «беларусізацыя» Украіны і спаўзанне на беларускі шлях
астатніх краін. Трэба разабрацца ў самой Беларусі, як можна адказваць на гэтую
«беларусізацыю самой Беларусі», каб мець рэцэпт для іншых краін.

 

І
другое – паколькі ёсць параза на ўкраінскім, армянским, азербайджанским франтах,
то мімаволі еўрапейцы звяртаюць увагу на Беларусь. Але еўрапейскае пасланне да
беларусаў было даволі ясным – у Беларусі няма добрых навін, у нас усё замерла,
гэта тупік. Добрых навін чакаюць ад нас – ад апазіцыі і грамадзянскай
супольнасці. І гэта патрабуе ад беларусаў у першую чаргу, я лічу, адзінства. Мы
павінны адказваць адным голасам і беларусам, і рэжыму, і еўрапейцам. Мы павінны
гаварыць пра адну каманду, адну стратэгію, пра адзінага кандыдата 2015 года. І
мы павінны развіваць моцны сцэнар, які б адказваў інтарэсам беларускага народа
і чаканням еўрапейцаў. Толькі тады Еўропа можа нам дапамагчы».

Болей навін