22 гады таму СССР спыніў існаванне

09 снежня 2013 09:00  |  Палітыка

8 снежня 1991 года ў рэзідэнцыі «Віскулі»
было падпісана пагадненне аб стварэнні СНД.

 

Белавежскае
пагадненне паклала канец гісторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Аб
спыненні яго існавання аб’явілі лідары тых савецкіх рэспублік, якія ў 1922
годзе яго і заснавалі. Ад Беларусі пагадненне падпісалі старшыня Вярхоўнага
Савету Станіслаў Шушкевіч і прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч.

 

21 снежня, у Алма-Аце
кіраўнікі 11 былых саюзных рэспублік (акрамя балтыйскіх краін і Грузіі)
падпісалі пратакол, у якім падкрэслілі, што Азербайджанская Рэспубліка,
Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кіргізская
Рэспубліка, Рэспубліка Малдова, Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Таджыкістан,
Туркменістан, Рэспубліка Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках
утвараюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

 

Удзельнікі сустрэчы
прынялі дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць былых саюзных рэспублік да
супрацоўніцтва ў розных галінах знешняй і ўнутранай палітыкі, абвясціла
гарантыі выканання міжнародных абавязацельстваў былога СССР.

 

У снежні 1993 года да
СНД далучылася Грузія, якая пакінула яго ў 2009 годзе пасля ўзброенага
канфлікту з Расеяй.

 

Лукашэнка
неаднаразова выказваў шкадаванне з-за падпісання Белавежскіх пагадненняў і
крытыкаваў кіраўнікоў Беларусі, Украіны і Расеі, якія паставілі свае подпісы
пад гістарычным дакументам.Месца
знаходжання яго арыгінала невядома.

 

«Апошні раз я бачыў
арыгінал Белавежскага пагаднення, калі яго падпісваў,
– распавядаў раней першы кіраўнік незалежнай Беларусі
Станіслаў Шушкевіч. – Больш
я яго не бачыў. Ведаю, што на расейскай мове была факсімільная копія, то бок
ксеракопія, якую потым прагортваў у дакументах. Але я зыходжу з таго, што на
момант падпісання Белавежскага пагаднення яго дэпазітарыем, гэта значыць
захавальнікам, выступаў МЗС Беларусі. Але пытанне – хто і чаму паводзіў сябе
бязладна? – у мяне пакуль без адказу…»

 

Паколькі Пагадненне
аб стварэнні СНД было апублікаванае ў афіцыйных выданнях, зарэгістраванае пасля
яго ратыфікацыі ў парламенце ва ўстаноўленым парадку, яно і сёння, нягледзячы
на адсутнасць сапраўднага тэксту ў дэпазітарыя, не страціла юрыдычнай сілы з
усімі вынікаючымі адсюль прававымі наступствамі.

Болей навін