Прадстаўнік Дзярждэпу ЗША сустрэнецца з беларускай апазіцыяй
Сёння ўвечары прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Эрык Рубін сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Як паведаміў адзін з лідараў арг-камітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі, ён спадзяецца прадставіць пазіцыю сваёй партыі адносна палітвязняў і свабодных выбараў, але таксама пагаварыць пра неабходнасць больш рашучай палітыкі ЗША ў дачыненьні да аўтарытарных рэжымаў.
– Наша асноўная тэма для абмеркавання – пажаданне больш скаардынаванай, больш цвёрдай палітыкі ў дачыненні да Беларусі і аўтарытарных рэжымаў усёй Усходняй Еўропы. Бо на сённяшні дзень гэтая палітыка дазваляе і беларускаму рэжыму, і рэжымам Януковіча і Пуціна выкарыстоўваць гэтую незразумеласць, адсутнасць стратэгічнай лініі для сваіх выгад і перамог.
Учора ў рамках свайго візіту у Беларусь намеснік памочніка Дзяржсакратара ЗША Эрык Рубін быў прыняты міністрам замежных справаў Беларусі Уладзімірам Макеем, які выказаў жаданне афіцыйнага Менску палепшыць адносіны з Вашынгтонам.