Чаркашына з вар’ятні вярнулі ў пастарунак. Суд – у аўторак а 9-й ранку
Берасцейскага каардынатара БХД Алеся Чаркашына, які 15 снежня быў
затрыманы і змешчаны «на
экспертызу» ў вар’ятню за пэрфоманс з заклікам уладаў да пакаяння, міліцыянты сёння забралі з псіхлякарні і вярнулі
ў пастарунак, каб заўтра весці ў суд.
Пра гэта прэсавай службе БХД паведаміў кіраўнік аркагмітэту БХД па Берасцейскай вобласці Зміцер Шурхай:
«Сёньня ўвечары апалове на 5-ю ад Алеся прыйшло смс, што міліцыянты забралі яго з вар’ятні. У Ленінскім РАУСе Берасця мне пацвердзілі, што Чаркашын знаходзіцца у іх. На Алеся быў складзены пратакол за несанкцыянаваны пікет і заўтра, у аўторак 17 снежня ў 9-00 раніцы адбудзецца суд над ім», – распавёў Зміцер Шурхай.
Паводле Зміцера, апошняя смс ад Чаркашына была пра тое, што яго вядуць у ізалятар часовага ўтрымання.
«Я меркаваў, што яго мусілі пратрымаць усе 3 дні, адпушчаныя для экспертызы, але з-за розгаласу, у тым ліку міжнароднага, які атрымала гэтая падзея, вырашылі ўсёткі судзіць адразу. Увогуле, гэтая псіхіятрычная экспертыза – правакацыя з боку мясцовага, берасцейскага КДБ, каб дыскрэдытаваць яго як грамадзка-палітычнага лідэра. Я як блізкі сябра, магу засьведчыць, што Алесь – чалавек псіхічна абсалютна нармальны, адэкватны, ураўнаважаны, атрымаў вышэйшую адукацыю. А пэрфоманс – гэта ўсяго толькі мастацкая дзея, таму зачыняць Алеся Чаркашына у лякарню ня было ніякіх падставаў», – сцвярджае Зміцер Шурхай.
Улічваючы, што гэта было на ганку Берасцейскага гарвыканкама і пэрфоманс быў з палітычным падтэкстам, Шурхай лічыць, што заўтра Чаркашына хутчэй за ўсё прызнаюць вінаватым, магчыма, дадуць штраф альбо прысудзяць суткі. Заклікаем берасцейцаў прыходзіць у суд Ленінскага раёна Берасця (вул. Леванеўскага, 1), каб падтрымаць Алеся!