У абарону Музея Багдановіча чыталі вершы пад наглядам міліцыі (Фота)

16 снежня 2013 23:13  |  Грамадства

Грамадская акцыя ў падтрымку Музея Максіма Багдановіча прайшла 16 снежня ў Мінску. У ёй узялі ўдзел вядомыя беларускія грамадскія дзеячы і неабыякавыя менчукі, сярод якіх былі і сябры Менскага аркамітэту БХД. Невядома, ці адбудзецца, але на заўтра ў працяг акцыі запланаваны выступ бардаў.

Як вядома, Міністэрства культуры прыняло рашэнне аб рэарганізацыі музея — яго плануюць пазбавіць самастойнасці і далучыць у якасці філіяла да Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Грамадскаць лічыць, што гэтае рашэнне будзе шкодным дзеля вывучэння і захавання спадчыны класіка.

Сёння ўвечары прайшла першая з серыі плануемых акцый у абарону Музея Багдановіча. На ганку музея вядомыя прадстаўнікі беларускай культуры і грамадства чыталі вершы паэта і спявалі песні на яго словы.

У чытаннях узялі ўдзел пісьменнік Уладзімір Арлоў, перакладчык Лявон Баршчэўскі, мастак Алесь Марачкін, ды іншыя неабыякавыя жыхары беларускай сталіцы.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў выказаў надзею, што калі дакументы пра рэарганізацыю музея будуць разглядацца па інстанцыях, знойдуцца людзі, якія лепш за міністра культуры ведаюць, хто такі Максім Багдановіч, якія больш паважаюць яго спадчыну, для якіх беларуская культура — гэта сапраўды нацыянальная каштоўнасць.

 
За чытаннямі сачылі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Адзін з іх здымаў падзеі на камеру, другі растлумачваў, што мерапрыемства незаконнае і для яго правядзення неабходны дазвол Мінгарвыканкама, паколькі ўдзельнікі чытанняў парушаюць закон аб масавых мерапрыемствах.

Міліцыянеры прапанавалі ўдзельнікам акцыі правесці чытанні ў будынку музея, які ў гэты час ужо не працаваў.

 
Асвятляць акцыю прехала недзе с паўтара дзесятка журналістаў. Супрацоўнікі міліцыі забаранілі весці фота- і відэаздымку. Аднак прадстаўнікі СМІ, здаецца, гэты загад не пачулі.

Акцыя доўжылася 40 хвілін. Ці будзе ў яе працяг, яшчэ невядома, бо ў акцыі няма арганізатараў. Аднак, адзначыў Уладзімір Арлоў, лёс музея павінен вырашыцца да 1 студзеня. 

 
У абарону Музея Багдановіча чыталі вершы пад наглядам міліцыі (Фота)
У абарону Музея Багдановіча чыталі вершы пад наглядам міліцыі (Фота)
У абарону Музея Багдановіча чыталі вершы пад наглядам міліцыі (Фота)
У абарону Музея Багдановіча чыталі вершы пад наглядам міліцыі (Фота)

Болей навін