Чаркашын у псіхлякарні і ў пастарунку трымаў сухую галадоўку

17 снежня 2013 14:10  |  Галоўныя навіны

“У псіхіятрычнай лякарні я цалкам адмовіўся ад ежы, нічога ня піў, не прыймаў ніякіх лекаў, каб засцерагчы сябе. Бо ня ведаў, ад каго паходзіць  загад завезці мяне ў вар’ятню,” – распавёў прэсавай службе БХД адразу пасля свайго вызвалення  берасцейскі актывіст Алесь Чаркашын, затрыманы ў нядзелю 15 снежня за пэрфоманс ля Берасцейскага аблвыканкама.
Найперш Алесь заявіў, што журналісты троху сказілі сэнс яго пэрфомансу, і неўзабаве на сайце БХД будзе апублікаваны поўны тэкст яго прамовы на прыступках берасцейскага аблвыканкаму. Тэкст, звернуты да чыноўнікаў, напісаны на рускай мове. 
Пра абставіны свайго затрымання і падзеі, якія адбыліся пасля, Алесь распавёў наступнае:
“Адразу пасля сканчэння пэрфомансу я сыйшоў і неўзабаве, праз 10 хвілінаў  быў затрыманы міліцыянтамі ля расейскай амбасады. Мяне адвезлі ў Ленінскі РАУС Берасця і трымалі там 3 гадзіны, хацелі скласьці пратакол па артыкулу 23.34 за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, хаця я быў адзін. 
А калі сканчаліся вызначаныя законам 3 гадзіны, міліцыянты напрыканцы вызвалі хуткую дапамогу, і даставілі мяне ў Плоску ў псіхіятрычную лякарню, каб, як яны казалі правесці псіхалагічныя тэсты для экспертызы на адэкватнасць.
У псіхіятрычнай лякарні цалкам адмовіўся ад ежы, нічога ня піў, не прыймаў ніякіх лекаў, каб засцерагчы сябе. Бо ня ведаў, ад каго паходзіць  загад завезці мяне ў вар’ятню.  Можа, мясцовае КДБ вырашыла адмыслова атруціць мяне нейкімі псіхатропнымі прэпаратамі.
Там я сапраўды праходзіў у псіхолага некалькі тэстаў, мяне вадзілі на размову з загадачыкам аддзялення, а на наступны дзень абылася добрая гутарка ў сяброўскай абстаноўцы з галоўным урачом. Неўзабаве пасля гэтай гутаркі мяне перадалі назад міліцыянтам ды ізноў адвезлі ў Ленінскі РАУС Берасця.
Увогуле, урачы паставіліся да мяне добра, прафесійна, выпісалі міліцыянтам паперку, што я абсалютна нармальны.
У пастарунку на мяне ўсё ж склалі пратакол па артыкулу 23.34 і павезлі на нач ў ізалятар часовага ўтрымання. Там я таксама нічога не еў, бо на вячэру не паспеў, такім чынам атрымалася, што трымаў сухую галадоўку да таго моманту, як сёння зраніцы мне сябры не перадалі нейкую ежу ўжо ў судзе.
Суд так і не адбыўся. Хутчэй за ўсё таму, што быў неправільна складзены пратакол. Праз 3 гадзіны перабывання ў пастарунку суда мяне выезлі аддуль і адпусцілі каля РАУСа на ўмовах, каб я з’явіўся па першым патрабаванні. Сказалі, што суд будзе напрацягу тыдня. Хутчэй за ўсё выпішуць штраф. А можа, зважаючы на розгалас, суду ўвогуле не будзе. Дзякуй вялікі ўсім за падтрымку і малітвы!”
 
Нагадаем, 15 снежня Алесь Чаркашын зладзіў пэрфоманс, падчас якога прамаўляў ля ганку Берасцейскага аблвыканкаму, папярэдне апрануўшыся ў адзенне старажытнага прарока, абвязаўшы рукі ланцугом і абліўшы іх чырвонай фарбай.

Болей навін