Хрысціянскія дэмакраты Берасця робяць другую спробу зарэгістравацца
Хрысціянскія дэмакраты Берасця другі раз падалі ўстаноўчыя дакуманты ва ўпраўленне юстыцыі Брэскага аблвыканкама. Гэтым разам яны спрабуюць атрымаць рэгістрацыю пад назвай Асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Брэсцкія хрысціянскія дэмакраты”.
“Другі раз запар хрысціянскія дэмакраты Берасцейскай вобласці робяць спробу атрымаць афіцыйную рэгістрацыю. Устаноўчы сход нашага грамадскага аб’яднання адбыўся 16 лістапада ў Кобрыне, і роўна праз месяцы, як і належыць па законе, мы падалі ўстаноўчыя дакуманты ва ўпраўленне юстыцыі. Гэтым разам мы выправілі ўсе памылкі і заўвагі, якія былі пазначаныя ў першай адмове ўлетку гэтага года”, – распавёў кіраўнік “Брэсцкіх хрысціянскіх дэмакратаў”, каардынатар БХД па Берасцейскай вобласці Зміцер Шурхай.
Паводле яго словаў, асноўныя прэтэнзіі ў адмове першай спробы рэгістрацыі былі ў тым, што назва арганізацыі на расейскай мове не адпавядае беларускай, бо пісалі “берасцейскія” замест “брэсцкія”. Таксама ў назве арганізацыі не быў пазначаны характар дзейнасці, таму зараз берасцейцы дадалі ў назву свайго грамадскага аб’яднання слова “асветніцкае”.
“На нашым сходзе ўсё было ў адпаведнасці з законам, была адпаведная колькасць прадстаўнікоў раёнаў вобласці і гарадоў абласнога падпарадкавання, неабходных для рэгістрацыі. Кіраўніком грамадскага аб’яднання абралі мяне, намеснікамі – Рамана Дзмітрука з Кобрына і Таццяну Малашчанку з Баранавічаў. Цяпер чакаем рэгістрацыі, хаця, вядома, не верыцца, што нарэшце нас зарэгіструюць. Цікава, які будзе адказ з упраўлення юстыцыі, ад галоўнага спецыяліста спадара Скрыпкіна”, – зазначыў Зміцер Шурхай.