Рымашэўскі: Апазыцыі давялося вызначацца – абараняць рэжым або змагацца
19 снежня 2010 года стала вызначальным днём для беларускай апазіцыі. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі, каментуючы трэцюю гадавіну Плошчы.
«Напраўду 19 снежня 2010 абумовіла ўсё тое, што будзе адбывацца ў будучыні, тое, што адбывалася гэтыя тры гады, якія прайшлі з моманту Плошчы. 19 снежня, безумоўна, адбілася на жыцці ўлады і дэмакратычнай апазіцыі. Тыя сімвалічныя санкцыі, якія былі ўведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі, таксама вынік і рэакцыя на брутальны разгон дэманстрантаў. І, безумоўна, жыццё дэмакратычнай супольнасці Беларусі шмат у чым вызначанае гэтай датай. Многія былі вымушаныя выехаць за мяжу пад ціскам і пагрозамі рэжыму Лукашэнкі. Тыя, хто застаўся тут, таксама былі вымушаныя вызначацца, ці спрабуюць яны змякчыць сваю пазіцыю і абараняць рэжым ад санкцыяў ці ж яны ўсё ж спрабуюць захаваць прынцыповую пазіцыю і далей змагацца», – падкрэсліў палітык.
Віталь Рымашэўскі адзначыў, што падзеі 19 снежня 2010 года маюць для яго вялікае значэнне.
«З аднаго боку, гэта дзень мужнасці беларускага народа, які яшчэ раз засведчыў свой патэнцыял, імкненне да свабоды і незалежнасці. Таму што самае значнае, што я ўспамінаю, гэта мужнасць тых людзей, якія былі са мной побач, якія да апошняга моманту заставаліся на Плошчы і ў прамым сэнсе гатовыя былі там загінуць. А таксама смеласць тых дзясяткаў тысяч людзей, якія выйшлі на Плошчу, пераадолеўшы свой страх і рызыкуючы сваім дабрабытам і бяспекай. Таму Плошча – гэта знакавая падзея, якая паказала, што беларусы – гэта нязломны народ, гэта народ, у якім жыве імкненне да свабоды і ёсць воля да барацьбы. Таму я перакананы, што людзі выйдуць зноў, а акцыі пратэсту будуць доўжыцца да перамогі дэмакратыі», – падсумаваў Віталь Рымашэўскі.
19 снежня 2010 г у Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Пасля закрыцця выбарчых участкаў дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на дэманстрацыю супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў. Яна стала самай масавай акцыяй пратэсту ў Беларусі за апошнія гады. Але мірны пратэст быў жорстка здушаны міліцыяй і ўнутранымі войскамі.
Затрыманні, допыты і арышты актывістаў апазіцыі доўжыліся некалькіх месяцаў. Больш за 700 чалавек былі кінутыя за краты, дзясяткі збітых патрапілі ў шпіталі. У дачыненні да 46 лідараў і актывістаў апазіцыі, у тым ліку супраць кандыдатаў у прэзідэнты распачалі крымінальныя справы, многія з іх трапілі ў турмы на тэрмін ад двух да шасці гадоў. Тысячы беларусаў былі вымушаныя пакінуць радзіму, баючыся крымінальнага пераследу.