Віталь Рымашэўскі: мітрапаліт Філарэт шмат зрабіў для Беларускай Праваслаўнай Царквы

26 снежня 2013 11:01  |  Галоўныя навіны

Ці зменіцца
сітуацыя ў Беларускай праваслаўнай царкве залежыць не столькі ад новага
мітрапаліта, колькі ад святароў і вернікаў. Так пракаментаваў у інтэрв’ю сайту
charter97.org апошняе рашэнне Сінода РПЦ сустаршыня аргкамітэта партыі
«Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі. Палітык выказаў надзею,
што прызначэнне на пасаду Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Паўла не паўплывае на
становішча БПЦ.

 

«Як правіла,
галоўныя іерархі Праваслаўнай царквы не пакідаюць свае пасады да смерці. Ва
ўладыкі Філарэта было дрэннае здароўе ў апошнія гады. Абсалютна відавочна, што
яго рашэнне пакінуць пасаду Мітрапаліта Менскага і Слуцкага было абсалютна
добраахвотным. Выконваць свае абавязкі яму было даволі складана.

 

З пункту
гледжання верніка беларускай праваслаўнай царквы, мне здаецца больш пажаданым,
каб мітрапалітам стаў адзін з беларускіх епіскапаў. Усё служэнне Філарэта
паказвала, што ён з павагай ставіцца як да царкоўных, так і да народных
традыцый беларусаў. Пры ім пачаліся службы на беларускай мове, з’явіліся
пераклады царкоўнай літаратуры на беларускую мову. Ён прызначаў епіскапаў
менавіта беларускага паходжання. Пры ім з’явіўся шэраг іерархаў, якія
нарадзіліся і жылі ў нашай краіне, былі яе грамадзянамі. Будзем спадзявацца,
што новы мітрапаліт працягне гэтыя традыцыі», – заявіў Віталь Рымашэўскі.

 

Разам з тым
палітык адзначыў, што рашэнне аб прызначэнні Мітрапалітам Менскім і Слуцкім
расейскага іерарха можа быць прыкметай спробы ўзмацніць кантроль над БПЦ з боку
Масквы.

 

«Руская
Праваслаўная Царква ўстанавіла ў Беларусі Экзархат – гэта такая аўтаномная
форма кіравання. Яна з’яўляецца выключнай на постсавецкай прасторы. Гэта было
прызнаннем самабытнасці Беларускай праваслаўнай царквы. Таму ці зменіцца сітуацыя
– залежыць не столькі ад новага мітрапаліта, колькі ад сітуацыі ўнутры царквы.
Тут трэба адзначыць, што за час незалежнасці яна зрабіла вялікі крок да
беларускасці, нягледзячы на адыёзнасць асобных святароў.

 

Дарэчы, тое, што
БПЦ не падпарадкоўвалася наўпрост аўтарытарным уладам краіны, давала большую
свабоду ў яе дзейнасці, бо Масква ўсё ж далёка. Магу ўспомніць выпадак, калі
афіцыйная прэс-служба Менскай епархіі асудзіла паклёпніцкі матэрыял пра
«Беларускую хрысціянскую дэмакратыю» і фактычна падтрымала яе. Гэта атрымалася,
у тым ліку і дзякуючы таму, што царква непадкантрольная Лукашэнку, а кантроль
Масквы вельмі ўмоўны.

 

Тым не менш, тое,
што Мітрапалітам прызначаны святар з Расеі, на жаль, цалкам прагназуема. Робіць
перастрахоўкі і расейская ўлада, якая ў апошні час часта спрабуе ўплываць на
РПЦ, але, паўтаруся яшчэ раз, адназначных прагнозаў я б рабіць не стаў.
Мітрапаліт Філарэт таксама быў рускім, але зрабіў для развіцця менавіта
Беларускай праваслаўнай царквы больш, чым, магчыма, змаглі б зрабіць беларусы.
Пажывём-пабачым. Вельмі многае залежыць ад нас», – заявіў Віталь Рымашэўскі.

 

Нагадаем, сёння
Святы Сінод РПЦ задаволіў прашэнне мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта аб
пачысленні яго на супакой.

Болей навін