Марына Хоміч: МХД стане альтэрнатывай БРСМ

03 студзеня 2014 12:07  |  Галоўныя навіны

У Беларусі
маладыя людзі радзей «знаходзяць сябе» ў палітыцы, чым гэта адбываецца ў
Еўропе. І ўжо зусім немагчыма ўявіць, каб у нас міністрам замежных спраў стаў
27-гадовы студэнт, як гэта нядаўна здарылася ў Аўстрыі. Але сітуацыя мяняецца –
і ў беларускую палітыку прыходзіць усё больш маладых лідэраў. У іх ліку – лідэр
«Маладых хрысціянскіх дэмакратаў» Марына Хоміч.

 

20 кастрычніка ў
Менску дэлегаты ўстаноўчага з’езда грамадскага аб’яднання “Маладыя
хрысціянскія дэмакраты” (МХД) абралі сваёй старшынёй Марыну Хоміч. Ужо
названая калегамі «новым тварам беларускай палітыкі», 24- гадовая Марына Хоміч
скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт па спецыяльнасці
«Беларуская філалогія». На парламенцкіх выбарах 2012 года вылучалася кандыдатам
у дэпутаты, агітавала за байкот.

 

БДГ вырашыла
бліжэй пазнаёміць сваіх чытачоў з маладым палітыкам. Тым больш што хрысціянскія
дэмакраты, нават не будучы зарэгістраванымі ўладамі, ужо не першы год досыць
ярка выяўляюць сябе ў беларускай палітыцы.

 

– Вы зусім
нядаўна, у канцы кастрычніка, сталі лідэрам МХД. Як да гэтага складалася Ваша
палітычная кар’ера?

 

– На самой справе
лідэрам «Маладых хрысціянскіх дэмакратаў» я стала яшчэ ў 2011 годзе, калі быў
наш з’езд. А на з’ездзе ў канцы кастрычніка гэтага года было ўжо перавыбранне
мяне на гэтую пасаду. А наогул у палітыку я прыйшла пасля «Плошчы». Таму што 19
снежня 2010-га я ўсё бачыла на свае вочы, і пасля ўбачанага ўжо проста не
змагла заставацца ў баку.

 

Я прыйшла ў
«Беларускую хрысціянскую дэмакратыю» (БХД ) звычайным, простым актывістам, і
ўжо пазней больш сур’ёзна стала займацца палітыкай у арганізацыі «Маладыя
хрысціянскія дэмакраты». Таму што была перакананая, што моладзь Беларусі – гэта
асноўная надзея, магутная сіла, якая яшчэ зможа нешта змяніць у нашай краіне. Я
ў гэтым перакананая.

 

– Што сёння
ўяўляюць сабой Маладыя хрысціянскія дэмакраты – як грамадскае аб’яднанне?

 

– МХД – гэта
арганізацыя маладых людзей, якім ад 16 гадоў, хоць можна атрымаць сяброўства і
ў больш маладым узросце. У нас галоўнае – тое, што мы з’яўляемся альтэрнатывай
таго ж самому БРСМ. Таму што, трэба адзначыць, у нашай краіне вельмі мала
альтэрнатыў – або зусім няма. Асабліва што тычыцца нейкіх моладзевых
арганізацый. Усіх прымусова «засоўваюць» у БРСМ, чым яны там займаюцца – ніхто
асабліва не ўнікае. І ўзнікае пытанне: калі не БРСМ, то што? Куды можа прыйсці
актыўны малады чалавек? Такая альтэрнатыва павінна быць, і такой альтэрнатывай стараемся
быць мы. Сёння ў членах МХД – каля 350 чалавек. Мы спрабавалі афіцыйна
зарэгістравацца ў 2012 годзе, але само сабой, нам адмовілі.

 

Цяпер мы
збіраемся зарэгістравацца як прыватная ўстанова, каб хоць неяк абараніць сваіх
членаў. Але пакуль, вядома, рэгістрацыі ў нас няма, таму што пры сённяшняй
сітуацыі ў краіне атрымаць яе немагчыма.

 

– Вы больш увагі
надаеце грамадскай працы, палітычнай ці рэлігійнай?

 

– Ну, рэлігійнай
працай – займаюцца царквы. МХД займаецца тым, што сёння трэба маладым людзям
краіны. Безумоўна, мы не абыходзім бокам нацыянальныя каштоўнасці,
засяроджваемся на іх прасоўванні, на тым, каб маладое пакаленне пра іх не
забылася. Гэта і родная мова, і нацыянальная сімволіка.

 

Безумоўна, мы
арыентаваны і на грамадскую, і на палітычную дзейнасць. Таму што ў любым
выпадку сёння ў Беларусі палітыка вакол – ў любой сферы дзейнасці мы не можам
сказаць, што гэта не звязана з палітыкай. Сёння за што б ты не ўзяўся – гэта
непазбежна прыводзіць менавіта да палітыкі, ёю воляй-няволяй, але займацца прыходзіцца.

 

Адзін з напрамкаў
нашай дзейнасці – моладзевая палітыка, як частка агульнай беларускай палітыкі.
Таму што ні для каго не сакрэт, што кірунак маладзёжнай палітыкі ў нас сёння
знаходзіцца ў заняпадзе, на маргінальным узроўні. Гэтую праблему трэба
вырашаць, сітуацыю трэба мяняць.

 

У нас, у сваю
чаргу, ёсць прапановы, ёсць праграмы для развіцця моладзі, падтрымкі моладзі ў
нашай краіне, мы праводзілі шэраг круглых сталоў, прыцягвалі да гэтага
экспертаў, што таксама было вельмі складана, таму што няшмат людзей займаецца
сёння ў краіне гэтым напрамкам.

 

– У якой ступені
Вы ўзгадняеце сваю дзейнасць з кіраўніцтвам БХД? Інакш кажучы, якая ў МХД
ступень самастойнасці?

 

– МХД – абсалютна
самастойная арганізацыя. Я ўжо не раз казала, што, алегарычна, БХД і МХД – гэта
бацькі і дзеці. Мы заўсёды можам папрасіць нейкую параду, але дакладваць аб
нейкіх сваіх кроках – гэта абсалютна непрымальна, і гэтага няма. У нас свая
дзейнасць, у БХД – свая; наша дзейнасць можа перасякацца. Пра гэта кажа і тое,
што цяпер на мясцовыя выбары МХД ідзе асобна, як самастойная моладзевая
арганізацыя, маладыя кандыдаты ад якой пойдуць з асобным пасланнем да моладзі.

 

– Як раз хацеў
спытаць: якія ў МХД планы на мясцовыя выбары, якія пройдуць у сакавіку?

 

– Безумоўна,
маладыя хрысціянскія дэмакраты ў гэтай кампаніі ўдзельнічаюць, прычым упершыню
– самастойна, выстаўляючы сваіх асобных кандыдатаў. Гэта працяг нашай
дзейнасці, якая накіравана менавіта на мэтавую аўдыторыю маладых людзей. Мы
перакананыя, што тыя праблемы, якія сёння ёсць у моладзі Беларусі, не можа
зразумець і вырашыць ніхто, акрамя саміх маладых людзей. Людзям больш
старэйшага ўзросту гэта будзе нецікава, яны не змогуць вырашыць гэтыя праблемы.

Таму на выбары мы
ідзем, каб скаардынаваць актыўную моладзь Беларусі, растлумачыць, што мы
павінны несці адказнасць за сваю краіну, вырашаць праблемы моладзі – менавіта
мы, аб’яднаўшыся.

 

– Якія адносіны
МХД з іншымі палітычнымі і не толькі палітычнымі моладзевымі арганізацыямі?

 

– У прынцыпе, я
магу ахарактарызаваць адносіны як абсалютна нармальныя. У нас быў вопыт у
рамках кампаніі байкоту выбараў, мы тады ўступілі ў кааліцыю з іншымі
моладзевымі арганізацыямі. Цяпер у нас таксама ёсць дамоўленасць з арганізацыяй
“Маладыя дэмакраты” – аб сумеснай працы на мясцовых выбарах, з
адзіным пасланнем, накіраваным маладым людзям.

 

Гэтыя партнёрскія
адносіны – адкрытая для далучэння дамова. Я не аднойчы ўжо казала, што кожны,
хто падзяляе нашы прынцыпы, наша пасланне моладзі, можа далучыцца і падпісаць
гэтае пагадненне.

 

– Вашы планы на
2014 год?

 

– У арганізацыі
ёсць канкрэтны план дзеянняў, які дапаўняецца па неабходнасці. Мы будзем
абараняць правы маладых людзей, захоўваць іх каштоўнасці, і гэтая праца будзе
працягвацца ў любым выпадку. Але перш за ўсё нам трэба добра папрацаваць падчас
кампаніі па выбарах у мясцовыя органы ўлады. І ўжо потым, суміраваўшы атрыманы
вынік, можна будзе больш упэўнена казаць аб далейшых планах.

 

Дзяніс Лаўнікевіч

Болей навін