У Бярозаўскім раёне ўлады пагражаюць сялянам пазбаўленнем волі за ўтрыманне свінняў

06 студзеня 2014 14:02  |  Галоўныя навіны

У Бярозаўскім
раёне у газеце райвыканкаму “Маяк” 4 студзеня выйшаў артыкул
галоўнага ветэрынарнага лекара раёну Генадзя Белавежкіна, у якім той пагражае
сялянам за ўтрыманне свінняў адміністратыўнай і крымінальнай адказнасцю.

 

Напачатку
артыкулу паведамляецца, што з прычыны афрыканскай чумы свінняў Бярозаўскі
мясакансервавы камбінат панёс выдаткаў на 10 млрд рублёў, не маючы магчымасці
экспартаваць сваю прадукцыю ў Расею. Пры гэтым адзначаецца, што свінафермы ў
вёсках Хойнікі і Сашыца, якія належаць Бярозаўскаму камбікормаваму заводу,
выдаткавалі 3 млрд рублёў на барацьбу з АЧС.

 

У сувязі з гэтым
Генадзь Белавежкін дзеля падтрымання жыццядзейнасці дзяржаўных прадпрыемстваў
нагадвае жыхарам раёну пра ўведзеную ў гэтым годзе ўладамі забарону на
ўтрыманне свінняў у радыюсе пяцікіламетровай зоны ад свінкомплексаў. У
Бярозаўскім раёне у гэты радыюс трапляюць дзясяткі вёсак.

 

Разам з тым,
адзначае ветэрынар, у раёне застаюцца сяляне, якія працягваюць утрымліваць
свінняў у прыдуманай уладамі пяцікіламетровай зоне. У дачыненні васьмі з іх ужо
складзеныя пратаколы.

 

Каб застрашыць
сялянаў, Генадзь Белавежкін пагражае ім за ўтрыманне свінняў адміністратыўнай і
крымінальнай аказнасцю, у прыватнасці, п.1 арт. 15.38 КаАП (Парушэнне
ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных або заатэхнічных правіл), што
прадугледжвае штраф у памеры 20 базавых велічыняў (3,6 млн рублёў), і арт. 284
КК (Парушэнне ветэрынарных правілаў), што прадугледжвае да двух гадоў
пазбаўлення волі.

 

“Ветэрынара
хвалююць толькі 10 млрд рублёў выдаткаў, якія панесла дзяржаўнае прадпрыемства.
А выдаткі, якія панёс народ, не хвалююць нікога”, – адзначыў бярозаўскі
актывіст Валер Білібуха.

Болей навін