Георгі Дзмітрук: Цэрквы ў праве прапаноўваць грамадству пэўны шлях развіцця (відэа)

07 студзеня 2014 13:49  |  Грамадства

Хаця ўлады
заяўляюць, што ў Беларусі амаль 93,5% насельніцтва з’яўляюцца вернікамі,
рэальная іх колькасць вельмі нізкая. “Можна казаць, што ў Беларусі не
больш за 250-270 тысяч вернікаў, усіх вернікаў”, – адзначыў сустаршыня
аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”
Георгі Дзмітрук у эфіры ток-шоў “Форум” тэлеканалу
“Белсат”.

 

Пры гэтым ён
назваў вялікай праблемнай сітуацыю, калі якая-небудзь канфесія “набывае
статус міністэрства і абараняе які-небудзь рэжым, выкарыстоўваючы метады,
незвязаныя з духоўным уздзеяннем на грамадзянаў”. “Праблема ў тым,
што некаторыя цэрквы часам, заключаючы дамову з уладамі, маніпулюе вернікамі,
каб дасягнуць нейкіх мэтаў. Гэта зусім няправільна. З другога боку Цэрквы ў
праве прапаноўваць грамадзянам пэўны шлях развіцця, шлях вырашэння
праблемаў”, – заявіў сустаршыня БХД.

 

Георгі Дзмітрук
таксама падкрэсліў, што не верыць, што сучасныя беларускія ўлады могуць
прывесці беларускі народ да пакаяння за злачынствы камуністычнага рэжыму.
Увогуле ж, паводле яго словаў, сучасны рэжым ёсць па сутнасці паганскім.
“Амаль ува ўсіх гарадах у цэнтры стаіць вечны агонь. Што гэта такое?
Выходзяць тысячы людзей і пакланяюцца вечнаму агню. Стаіць якая-небудзь стэла і
людзі кланяюцца камню”, – адзначыў палітык.

 

Сустаршыня БХД,
кажучы пра падзеленасць беларускіх хрысціянаў, адзначыў, што вера мусціь
дапамагаць вернікам розных канфесій сумесна вырашаць праблемы ў грамадстве.
“Калі ў нас ёсць праблемы ў грамадстве, вера чалавека мусіць дапамагаць іх
вырашыць. І гэта нас не падзяляе, гэта нас яднае. Сёння ў нас палітычны крызіс,
эканамічны крызіс, крызіс сям’і. У нас аграмадная колькасць самагубстваў,
разводаў. Вернікі не мусяць быць падзеленыя. У гэтым секулярным свеце людзі
заблукалі, і яны чакаюць ад нас, вернікаў, дапамогі. За апошнія стагоддзі
дзяржавы адсунулі Цэрквы на задворкі, і, сытукнуўшыся з праблемамі, яны не
могуць знайсці выйсце “, – сказаў ён.

 

Болей навін