181 прадстаўнік БХД зарэгістраваў ініцыятыўныя групы (фота, відэа)
Ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў за вылучэнне прамоўцам падчас мясцовай кампаніі зарэгістраваў 181 прамоўца аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД). Пра гэта заявіў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі 20 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску, паведамляе БелаПАН.
Паводле яго слоў, найбольшая колькасць ініцыятыўных груп
зарэгістравана ў Менску і Віцебскай вобласці – 45 і 40 адпаведна.
Садоўскі адзначыў, што першапачаткова сваю згоду на
вылучэнне давалі 213 прадстаўнікоў БХД, аднак 32 чалавекі вымушаныя былі
адмовіцца ад свайго рашэння ў сувязі з ціскам. Па словах сустаршыні аргкамітэта
БХД Віталя Рымашэўскага, актывістаў, якія заяўлялі пра намер рэгістраваць
ініцыятыўныя групы, “запалохвалі, пагражалі пазбаўленнем працы, супраць
іх выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс”.
Рымашэўскі нагадаў: яшчэ ў верасні 2013 года БХД заявіла,
што не лічыць мясцовыя выбары дэмакратычнымі і свабоднымі. “Для нас гэта
не выбары, а мясцовая кампанія, якую мы выкарыстоўваем для працы з
насельніцтвам. Мы ставім задачу стварыць ва ўсіх гарадах з колькасцю
насельніцтва больш за 30 тысяч чалавек грамадзянскія ініцыятывы народнага
самакіравання, якія б сталі альтэрнатывай выканкамам і саветам” , – сказаў
палітык .
Ён таксама паведаміў, што ў БХД не прымалі рашэнні адносна
таго, ці павінны прамоўцы ад
арганізацыі ўдзельнічаць у “выбарах” да канца або здымаць свае кандыдатуры з “выбараў”. Па словах Рымашэўскага, апошняе
слова ў гэтым пытанні будзе заставацца за самім прэтэндэнтам.