Віталь Рымашэўскі: перамога Майдану залежыць ад таго, ці ўдасца захаваць мірны характар пратэстаў
21 студзеня
споўнілася два месяцы з пачатку масавых акцыяў пратэсту ва Ўкраіне супраць
мясцовых уладаў і ў прыватнасці прэзідэнта краіны Віктара Януковіча. Днямі
пратэсты выліліся ў масавыя сутыкненні мітынгоўцаў з міліцыяй. Падзеі ва
Ўкраіне прэсавая служба Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі папрасіла
пракаментаваць сустаршыню аргкамітэту БХД Віталя Рымашэўскага.
– Як вы
ацэньваеце падзеі, якія адбываюцца ва Ўкраіне?
– Масавыя акцыі
пратэсту ва Ўкраіне, якія трымаюцца амаль два месяцы, – гэта вельмі важна як
для самой Украіны, так і для ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёну. Ідзе не толькі
супрацьстаянне спробам захопу ўлады ва ўласна Ўкраіне, але і супрацьстаянне
ўсёй канцэпцыі пуцінскай Усходняй Еўропы, супрацьстаянне экспарту дыктатуры з
Расеі
Тое, што Майдан
адбыўся, тое, што ён носіць мірны негвалтоўны характар дае падставы для
перамогі ўкраінскай апазіцыі і ўсяго Еўрамайдану. Планы ўкраінскай апазіцыі
наконт стварэння народнага ўраду – гэта вельмі лагічны і правільны крок у
сучасных варунках, бо ў простага народу няма ніякага шансу перамагчы ўзброеныя
войскі. Але негвалтоўныя акцыі супраціву, масавыя страйкі, стварэнне
альтэрнатыўных урадаў – гэта мірны, негвалтоўны шлях барацьбы. Гэта тое, што
абавязкова прывядзе Ўкраіну да перамогі.
– А якое ваша
меркаванне наконт апошніх падзеяў у Кіеве, калі былі скалечаныя і параненыя сотні
чалавек?
– Я згодны з той
ацэнкай, якую далі кіраўнікі Еўрамайдану ва Ўкраіне. Адказнасць за развязванне
гвалту цалкам ляжыць на Януковічу і дзейсным рэжыме. Януковічу выгадна, каб
былі гэтыя сутыкненні, каб была падстава для разгону, каб кінуць узброеныя
войскі на мірных дэманстрантаў. Былі зафіксаваныя неаднаразовыя спробы правакатараў
у цывільным распачаць гэтыя бойкі. Я лічу, што будучыня Еўрамайдану залежыць ад
таго, ці ўдасца актывістам і дэмакратычнай апазіцыі спыніць гэтыя правакацыі,
захаваць негвалтоўны кірунак майдану. Супрацьстаяць узброеным войскам могуць
толькі ўзброеныя войскі. Усе перадумовы, каб армія і ўнутраныя войскі пачалі
пераходзіць на бок дэмакратычнай апазіцыі, ва Ўкраіне ёсць. Але першай
перадумовай мусіць быць масавасць і негвалтоўны характар супраціву.
Усе правакацыі і
гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні ўнутраных войск выгадныя дыктатарскай групоўцы
Януковіча для таго, каб мець зачэпку для ўжывання зброі ў дачыненні да мірных
дэманстрантаў, а таксама каб пазбавіць міжнароднай падтрымкі людзей, якія
змагаюцца негвалтоўна. Тыя людзі якія робяць, альбо з’яўляюцца тымі, хто
свядома, па заданні Януковіча робіць правакацыі, альбо тымі, хто шчыра верыць у
тое, што такімі метадамі можна перамагчы, і ў гэтым моцна памыляецца.