Еўрадэпутат просіць звярнуць увагу на сітуацыю палітвязня Васьковіча
Адпаведны зварот у Еўрапейскую камісію накіраваў Філіп
Качмарэк.
У сваім лісце
еўрадэпутат звярнуў увагу на тое, што сябра БХД Яўгена Васьковіча сістэматычна
трымаюць у карцэры, а гэта з’яўляецца небяспечным для яго жыцця і здароўя. Такія
дзеянні адміністрацыі турмы могуць сведчыць, што з Васьковіча спрабуюць выбіць
падпісанне нейкага прызнання. У сувязі з усім гэтым Качмарэк пытаецца ў
Еўракамісіі, што яна збіраецца зрабіць для дапамогі Васьковічу.
Нагадаем, 18 траўня 2011 года Васьковіч быў асуджаны разам з
Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым на 7 гадоў пазбаўлення волі ў
калоніі ўзмоцненага рэжыму. Іх пакаралі за спробу падпалу будынку Бабруйскага
КДБ 17 кастрычніка 2010 года. Хлопцы кінулі ў яго бутэлькі з запальнай сумессю.
Ад кастрычніка 2011 года палітвязень Васьковіч правёў 247
сутак у ШІЗА. Ён адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме.