Заява БХД: Спыніць катаванне Васьковіча!
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя прыняла заяву з
прычыны цяжкіх умоваў, у якіх утрымліваецца палітвязень, сябар аргкамітэту БХД
Яўген Васьковіч.
“На Васьковіча Яўгена Сяргеевіча, асуджанага да 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, аказваецца
моцны ціск з боку кіраўніцтва турмы № 4 у Магілёве. З
кастрычніка 2011 года па студзень 2014 года Яўген Васьковіч правёў 247 сутак у
ШІЗА. Апошнія 10 сутак ён атрымаў 27 снежня 2013 года і сустрэў Новы год у
ШІЗА.
Крытычна
і непрымальна, што пры росце 186 сантыметраў і вазе 65 кілаграмаў, Яўгена
змяшчаюць у ШІЗА на 10-15 дзён кожны месяц. Гэта можна параўнаць з умовамі
ўтрымання вязняў савецкага ГУЛАГу ці фашысцкіх канцлагераў.
Таксама
нерэгулярна і выбарачна даходзяць лісты і бандэролі як да Яўгена Васьковіча,
так і ад яго.
Мы лічым
што тое, што зараз адбываецца з Яўгенам Васьковічам, з’яўляецца вельмі
крытычнай і недапушчальнай сітуацыяй. Патрабуем
ад УДВП МУС РБ па Магілёўскай вобласці, Дэпартаменту выканання пакаранняў РБ і
Пракуратуры Магілёўскай вобласці правесці праверку законнасці такіх дзеянняў і
прыняць меры ў дачыненні да кіраўніцтва турмы № 4 горада Магілёва з мэтай
спынення здзекаў і катавання Васьковіча Яўгена Сяргеевіча.
Аргкамітэт БХД таксама распачынае кампанію салідарнасці з Яўгенам Васьковічам з мэтай спыніць здзекі з палітвязня.
Аргкамітэт заклікае грамадзян Беларусі праявіць салідарнасць з Яўгенам
Васьковічам і дасылаць лісты з патрабаваннем спыніць ціск на палітвязня УДВП
МУС РБ па Магілёўскай вобласці, Дэпартамент выканання пакаранняў РБ і
Пракуратуру Магілёўскай вобласці”.
Спампаваць заяву: aoich-sayaa.doc