У Мёрах затрымалі незалежных журналістаў

05 лютага 2014 20:23  |  Палітыка

Міліцыянты затрымалі незалежных журналістаў у Мёрах. Здымачную групу, у складзе якой
былі Сяргей Кручкоў, Анастасія Рэзнікава і аператар Аляксандр Пацееў, адвезлі ў
пастарунак.

 

Міліцыянты патлумачылі, што яны знаходзіліся ў «забароненай
зоне вайсковых вучэнняў», паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

 

На самай справе, тэлежурналісты прыехалі ў Мёры, каб
падрыхтаваць рэпартаж аб адключэнні цяпла ў кватэрах мясцовых жыхароў.

 

Паводле неафіцыйных звестак, цяпло тысячам жыхароў адключылі
не праз аварыю, а праз вайсковыя зборы, якія праходзяць у гэтым раёне.

 

Дзяжурны РАУС у Мёрах адмовіўся пацвердзіць затрыманне
журналістаў, аднак яны самі паведамілі пра гэта па тэлефоне.

 

Па інфармацыі на
19.30, іх адпусцілі з РАУС, узяўшы тлумачэнні, але настойліва парэкамендавалі
выехаць з Мёраў і сказалі, што пры наступнай спробе нешта зняць у журналістаў
будуць больш сур’ёзныя праблемы.
Здымачную групу адканваявалі да межаў горада.

Болей навін