Дапамажыце прытулку для бяздомных, які ўлада хоча зачыніць!
Прытулак для
бяздомных беларусаў, які арганізаваў каталіцкі місіянер Аляксей Шчадроў (брат
Луіджы) у Шчучынскім раёне Гарадзенскай вобласці, зноў пад пагрозай закрыцця.
Мясцовая ўлада патрабуе ад дабрачынцы зачыніць установу – але куды пры гэтым
падзецца бяздомным і інвалідам, сабраным у вёсцы Аляксандраўка, не
паведамляецца.
Сустаршыня
аргкамітэту БХД Павал Севярынец, які наведаў прытулак у выходныя, звяртаецца да
ўсіх людзей добрай волі:
– Гэты прытулак –
рэальнае хрысціянскае служэнне. Брат Луіджы збірае па ўсім наваколлі бяздомных,
каб яны маглі мець хаця б дах над галавой, адзенне і ежу. Найперш мы просім
дапамогі, хто чым можа, для гэтых людзей: збіраем цёплыя рэчы, вопратку, посуд,
харчаванне. Перадаваць дапамогу можна або наўпрост у вёску Аляксандраўка
Шчучынскага раёну, або праз суполкі аргкамітэту БХД. Памятайма словы Хрыста:
“Бо быў Я галодны, і вы накармілі Мяне; быў засьмягшы, і вы далі Мне піць;
быў госьцем, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы
прыадзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў вязьнем, і вы прыйшлі да
Мяне” (Мц. 25:35-36).
Па-другое, мы
звяртаемся да Касцёльных уладаў з просьбай прыняць прытулак брата Луіджы пад
сваю апеку.
Дарагія сябры!
Дапаможам добрай хрысціянскай справе!