Гародня: у прадстаўнікоў БХД адмовіліся прыняць дакументы і выклікалі на іх міліцыю

10 лютага 2014 22:04  |  Галоўныя навіны

У Гародні
прадстаўнікі гарадской выбарчай камісіі ў апошні дзень падачы дакументаў для
рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты выявілі поўную некампетэнтнасць і
непрафесіналізм.

 

Напачатку яны
патрабавалі ў прамоўцаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі шэраг дакументаў,
непатрэбных для рэгістрацыі, у тым ліку копіі вайсковых білетаў і атэстатаў за
сярэднюю школу, казалі пра неадпаведнасці пададзеных, а ў чым канкрэтна не
паведамлялі. У выніку сябры аргкамітэту БХД прыйшлі ў гарадскую камісію толькі
а 18:30, але патрапіць у кабінет з прычыны чаргі змаглі толькі а 18:57.

 

У кабінеце яны
заўважылі трох сябраў камісіі, з якіх працаваў аднак толькі адзін, тады як
астатнія нічога не рабілі. Хаця камісія яшчэ працягвала сваю працу і актывісты
БХД адстаялі чаргу, старшыня камісіі Уладзімір Хлябіч адмовіўся прымаць у іх
дакументы, гэтак жа як і пісаць афіцыйную адмову. Таксама ён адмовіўся звяраць
гадзіннікі. Паколькі сябры аргкамітэту адмаўляліся кудысьці ісці пакуль у іх не
прымуць дакументы, Уладзімір Хлябіч выклікаў міліцыю.

 

Трох актывістаў
БХД – Сяргея і Міколу Верамеенкаў ды Філіпа Рыхтара даставілі ў Ленінскі РАУС,
дзе яны напісалі скаргу на гарадскую камісію за парушэнне іх канстытуцыйнага
права балатавацца, папрасілі разабрацца ў сітуацыі.

Болей навін