Выбарчы фарс па-гарадзенску
Гарадзенскія
актывісты аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская
Дэмакратыя”, якім 10 лютага адмовілі ў рэгістрацыі і на якіх выклікалі
міліцыю, напісалі скаргі ў Ленінскім РАУС на дзеянні гарадской выбарчай
камісіі. Яны таксама збіраюцца пісаць скаргу у ЦВК.
“Можа,
зарэгіструюць. Але хутчэй за ўсё не зарэгіструюць, бо тэрмін ужо прайшоў. Па такім
стаўленні для мяне ўжо бачна, якой будзе выбарчая кампанія”, – адзначыў
Сяргей Верамеенка.
Нагадаем, у Гародні прадстаўнікі
гарадской выбарчай камісіі ў апошні дзень падачы дакументаў для рэгістрацыі
кандыдатамі ў дэпутаты выявілі
поўную некампетэнтнасць і непрафесіналізм.
Напачатку яны патрабавалі ў прамоўцаў
Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі шэраг дакументаў, непатрэбных для
рэгістрацыі, у тым ліку копіі вайсковых білетаў і атэстатаў за сярэднюю школу,
казалі пра неадпаведнасці пададзеных, а ў чым канкрэтна не паведамлялі. У
выніку сябры аргкамітэту БХД прыйшлі ў гарадскую камісію толькі а 18:30, але патрапіць
у кабінет з прычыны чаргі змаглі толькі а 18:57.
У кабінеце яны заўважылі трох сябраў
камісіі, з якіх працаваў аднак толькі адзін, тады як астатнія нічога не рабілі.
Хаця камісія яшчэ працягвала сваю працу і актывісты БХД адстаялі чаргу,
старшыня камісіі Уладзімір Хлябіч адмовіўся прымаць у іх дакументы, гэтак жа як
і пісаць афіцыйную адмову. Таксама ён адмовіўся звяраць гадзіннікі. Паколькі
сябры аргкамітэту адмаўляліся кудысьці ісці пакуль у іх не прымуць дакументы,
Уладзімір Хлябіч выклікаў міліцыю.
Трох
актывістаў БХД – Сяргея і Міколу Верамеенкаў ды Філіпа Рыхтара даставілі ў
Ленінскі РАУС, дзе яны напісалі скаргу на гарадскую камісію за парушэнне іх
канстытуцыйнага права балатавацца, папрасілі разабрацца ў сітуацыі.