Георгі Дзмітрук прадставіў БХД на з’ездзе Расейскай партыі дзесяці запаведзяў (фота)

17 лютага 2014 16:16  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня
аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”
Георгі Дзмітрук наведаў ад імя БХД устаноўчы з’езд Расейскай партыі дзесяці
запаведзяў, які прайшоў у Маскве 15 лютага. Гэтая партыя схіляецца па сваіх
поглядах да хрысціянскай дэмакратыі. Яе старшынёй з’яўляецца прафесар Сяргей
Мезенцаў (на фота з Георгіем Дзмітруком).

 

Цікава, адзначыў
Георгі Дзмітрук, што з’езд праходзіў у тым памяшканні, дзе ў 1812 годзе
Напалеон нлядзеў на палаючую Маскву.

 

Прадстаўляем
вашай увазе прамовы сустаршыні БХД на з’ездзе РПДЗ:

 

Дарагія браты і сёстры!

 

Вітаю вас ад імя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі –
палітычнай сілы, якая ставіць сваёй мэтай пабудову незалежнай Беларусі на падмурку
хрысціянскіх каштоўнасцяў.

 

Сёння БХД, якая ў 2017 годзе будзе адзначаць стагоддзе, – шматканфесійная партыя, прычым
долі праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў сярод больш чым двух тысяч нашых сябраў супастаўныя. За плячыма партыі ў апошнія гады шэраг сацыяльных і палітычных
кампаній, у тым ліку 50 тыс подпісаў за змяненне закона аб свабодзе сумлення,
паспяховая кампанія супраць магіі і акультызму ў СМІ, акцыя «Моцная сям’я –
моцная Беларусь», у выніку якой дзяржава была вымушана ўвесці абмежаванне
адносна абортаў, а таксама прэзідэнцкая кампанія 2010 года, дзе БХД вылучала
свайго кандыдата.

 

На жаль, у
сённяшняй Беларусі рэальных выбараў няма. Парламент і незалежнасць судоў
існуюць толькі на паперы. Апазіцыя не прадстаўлена ў органах улады, за
адзінкавымі выключэннямі ў раённых і сельскіх саветах. БХД тройчы праводзіла
нацыянальныя з’езды, кожны раз збірала поўныя залі прыхільнікаў і больш за тысячу заснавальнікаў для рэгістрацыі –
але сённяшні рэжым нязменна адмаўляў нам у рэгістрацыі.

 

Аднак мы працуем
па ўсёй Беларусі – з цэрквамі, сацыяльна актыўнымі грамадзянамі, моладдзю. Маем
дамовы аб супрацоўніцтве з нямецкімі (ХДС – ХСС), аўстрыйскімі, галандскімі,
літоўскімі, нарвежскімі хрысціянскімі дэмакратамі, ўваходзім у Асацыяцыю Хрысціянскіх
Дэмакратаў Усходняй Еўропы.

 

БХД зацікаўлена ў
цёплых і партнёрскіх адносінах з расійскімі палітычнымі сіламі, якія стаяць на
біблейскіх пазіцыях. Нашы народы аб’ядноўвае хрысціянская гісторыя і культура –
і, нягледзячы на неадназначныя старонкі мінулага, мы, як суседзі пакліканыя
Богам жыць у міры і ўзаемаразуменні.

 

У сённяшніх Расіі
і Беларусі ёсць шмат агульнага. А галоўнае, па нашым глыбокім перакананні, – гэта
велізарная, пакуль яшчэ не ўсімі ўсвядомленая прага Божага шляху, ісціны і
жыцця. Выклікі, з якімі сутыкаюцца і Расія, і Беларусь пад сілу пераадолець
толькі вернікам..

 

Жадаю поспеху вашаму з’езду, Божага дабраславення, мужнасці і выканання
Волі Таго, Хто стварыў кожнага з нас.
 
Георгі Дзмітрук прадставіў БХД на з'ездзе Расейскай партыі дзесяці запаведзяў (фота)
Георгі Дзмітрук прадставіў БХД на з'ездзе Расейскай партыі дзесяці запаведзяў (фота)
Георгі Дзмітрук прадставіў БХД на з'ездзе Расейскай партыі дзесяці запаведзяў (фота)
Георгі Дзмітрук прадставіў БХД на з'ездзе Расейскай партыі дзесяці запаведзяў (фота)

Болей навін