Сытуацыя ў Чыгуначнай акрузе выглядае самай складанай

19 лютага 2014 12:09  |  Палітыка

20 лютага завяршаецца рэгістрацыя патэнцыйных кандыдатаў у
дэпутаты. Пакуль прыходзяць паведамленьні пра завяршэньне гэтай працэдуры
толькі на роўні раённых, пасялковых і сельскіх саветаў — там, дзе няма
канкурэнцыі і дзе абсалютная бальшыня акругаў безальтэрнатыўныя. А вось у
Менску, у абласных і буйных гарадах рэгістрацыю адкладаюць на апошнія дні.

 

Дзьве экспэртызы давядзецца разглядаць тэрытарыяльнай
выбарчай камісіі Кастрычніцкага раёну Менску, каб вызначыць, ці ўсіх
патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты сталічнага гарсавету па Чыгуначнай акрузе №
20 можна рэгістраваць. Кіраўніцтва раённай міліцыі зьвярнулася ў Міністэрства
юстыцыі з запытам: ці ўжываньне бел-чырвона-белай сымболікі на выбарчых пікетах
— гэта парушэньне заканадаўства? А той, хто гэтай сымболікай карыстаўся —
актывіст Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Максім Гацак, напісаў запыт у
Цэнтравыбаркам:

 

«Мы абскарджваем такі падыход раённай міліцыі, бо ўва ўсіх
выбарчых дакумэнтах — і ў Выбарчым кодэксе, і ў мэтадычным дапаможніку для
сябраў выбарчых камісіяў — нідзе не напісана, што нельга выкарыстоўваць якуюсьці
сымболіку».

 

Сытуацыя ў Чыгуначнай акрузе выглядае самай складанай.
Раённая камісія ўжо вынесла афіцыйнае папярэджаньне Максіму Гацаку. Гарадзкая —
пакараньне скасавала.

 

На дадатак да гэтага рэктар Беларускага дзяржаўнага
ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Юры Бондар, які тут балятуецца, паскардзіўся
на сустаршыню аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД Віталя Рымашэўскага.
Маўляў, той абражаў студэнцка-выкладчыцкую каманду, якая зьбірала подпісы ў
падтрымку свайго рэктара-кандыдата.

 

Віталь Рымашэўскі кажа, што нікога не абражаў. А пікеты двух
кандыдатаў сапраўды стаялі побач:

 

«Прыйшлі на наш пікет. Яны звычайна глядзяць наш расклад. І
тады выстаўляюць свае пікеты ў той жа час. А цяпер улады выкарыстоўваюць і
праўладных кандыдатаў, і іх каманды. У якасьці сьведак будуць іх трымаць».

 

Пакуль няма зьвестак, каб камісіі пачалі рэгістраваць
кандыдатаў менскага гарадзкога і абласных саветаў. У абласной камісіі на
пытаньне Свабоды, чаму рэгістрацыя кандыдатаў паўсюль пераносіцца на апошнія
дзень-два, спасылаюцца на рэкамэндацыю Цэнтравыбаркаму. Маўляў, з ЦВК прыйшла
ўстаноўка — рэгістраваць усіх прэтэндэнтаў у адзін дзень.

Болей навін