Севярынец: Спробы закрыць прытулак для бяздомных Аляксея Шчадрова і разгон акцыі “Ежа замест бомбаў” — звёны аднаго ланцуга (відэа)
Прытулак для бяздомных — Дом Марыі Міласэрнасці, які стварыў у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна каталік Аляксей Шчадроў, зноў патрабуюць зачыніць мясцовыя ўлады. Пра гэта паведаміў 19 лютага ў Мінску сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.
Сам Шчадроў не змог прыехаць на прэс-канферэнцыю з-за таго, што захварэў адзін з яго падапечных.
“Чалавек рупіцца пра тое, пра што не можа рупіцца ні дзяржава, ні грамадства, — патлумачыў Севярынец. — Ён апякуецца гэтымі людзьмі без вызначанага месца жыхарства — прывозіць іх, мые, лечыць, корміць, чытае з імі Біблію. Трэба яму ўсяляк дапамагаць, падтрымліваць гэтае добрае пачынанне, а замест гэтага — крымінальны пераслед. Пасля таго як гэтай справай заняліся ў мінулым годзе хрысціянскія юрысты, журналісты і праваабаронцы, мясцовая ўлада ўсё ж зарэгістравала прытулак пад назвай “Павер у сябе”, і Шчадроў пачаў афіцыйна дзейнічаць як кіраўнік гэтай установы”.
Але раптоўна ў пачатку лютага, распавёў палітык, у Аляксандраўку зноў прыехалі прадстаўнікі мясцовай улады і міліцыі і паставілі ультыматум — неадкладна здаць рэгістрацыю. “А без яе высяленне прытулку, сярод зімы, калі стаялі маразы — уявіце шок тых людзей, інвалідаў, — адзначыў Севярынец. — Ціск, пагрозы працягваліся, да яго прыязджалі штодня, і Аляксей Шчадроў вымушаны быў сабраць рэгістрацыйныя дакументы і здаць у сельсавет. І цяпер зноў вісіць паміж небам і зямлёй гэты Дом Марыі Міласэрнасці з дзесяццю бяздомнымі.
Чаму гэта адбываецца, можна толькі здагадвацца — дзеянні нашай улады ірацыянальныя, кажа лідар БХД. Чаму, напрыклад, пачалі разганяць у Мінску ўдзельнікаў акцыі “Ежа замест бомбаў”, якія кормяць за свой кошт бяздомных? “Мне здаецца, гэта звёны аднаго ланцуга, — лічыць Севярынец. — Можа, гэта такая падрыхтоўка да чэмпіянату свету па хакеі — ну, тады “такі хакей нам не трэба”.