Рымашэўскі: Мясцовая кампанія — мадэль таго, як улады будуць праводзіць прэзідэнцкія выбары 2015 года (відэа)

20 лютага 2014 19:44  |  Галоўныя навіны

Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” мае намер абскарджваць у судзе адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў і іншыя супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да іх. Аб гэтым паведаміў 20 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску сустаршыня аргкамітэта Віталь Рымашэўскі. 

Паводле яго слоў, мінскія ўлады рэагавалі на выбарчую кампанію БХД рэпрэсіўнымі мерамі, а выбарчыя камісіі ператварыліся ў частку рэпрэсіўнага апарату. На сёння па Мінску з 19 прэтэндэнтаў зарэгістраваныя кандыдатамі толькі чатыры — “гэта тыя людзі, якія не ідуць па акругах цэнтральнай часткі сталіцы, дзе пікеты прыцягваюць да сабе ўвагу жыхароў”. 

Асноўныя прычыны адмоў у рэгістрацыі — “прычэпкі” да подпісаў, дэкларацый. “Будзем гэтыя адмовы і іншыя злачынныя, на наш погляд, дзеянні ў адносінах да кандыдатаў абскарджваць у судзе, — заявіў Рымашэўскі. — Тое, як ідзе выбарчая кампанія, — гэта маленькая мадэль таго, як яны збіраюцца праводзіць прэзідэнцкія выбары 2015 года. Гэта запужванне актывістаў, пазбаўленне магчымасці з этапу рэгістрацыі ініцыятыўных груп праводзіць свабодную агітацыю і, нарэшце, нерэгістрацыя кандыдатаў”. 

Сваімі высновамі па правядзенні выбарчай кампаніі падзяліўся сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец: “Па-першае, не рэгіструюць каманды ў буйных гарадах — там, дзе на выбары ідуць 7-12 прамоўцаў ад БХД, “вырубаюць” абсалютную большасць з іх. “Вырубаюць” таксама каардынатараў — тых, якія заведама правядуць моцныя кампаніі, сустрэчы з людзьмі, здольныя выстаўляць пікеты, турбаваць мясцовыя ўлады. Не рэгіструюць дасведчаных прамоўцаў, паспяховых бізнесоўцаў, прэзентабельных людзей сярэдняга веку”. 

Паводле слоў палітыка, пасля мінулагодняй кампаніі хрысціянскіх дэмакратаў у абарону людзей “ад свінства” (звязанай з эпідэміяй АЧС) сельскія жыхары масава пайшлі ў БХД, і большасць тых, хто ідзе па сельскіх саветах — а гэта некалькі дзясяткаў чалавек, зарэгістраваныя. 

Рымашэўскі паведаміў, што БХД вядзе перамовы з партыямі, дэмакратычнымі арганізацыямі і міжнароднымі партнёрамі аб карэкціроўцы так званага “чорнага спісу” — узгадняюцца прозвішчы адказных за парушэнні заканадаўства, для таго каб у дачыненні да іх былі ўведзеныя кропкавыя санкцыі Еўрасаюза.
 

Болей навін