Заява БХД: будучыня беларускай мовы залежыць ад кожнага грамадзяніна

21 лютага 2014 13:56  |  Галоўныя навіны

Беларуская
Хрысціянская Дэмакратыя віншуе ўсіх беларусаў з Днём роднай мовы. Беларуская
мова – гэта бясцэнны культурны здабытак, дадзены беларускуаму народу Богам. Яна
з’яўляецца складнікам сусветнай культуры.

 

Беларуская мова
фармавалася стагоддзямі, шматлікімі пакаленнямі нашых продкаў і да гэтага часу
жыве і захоўваецца, дзякуючы намаганням годных сыноў і дачок Беларусі ў яе
абарону, захаванне і развіццё.

 

За апошнія 20
гадоў рэжым Лукашэнкі зрабіў усё магчымае, каб знішчыць беларускую мову на
абшарах Беларусі. Дзеяннямі рэжыму беларуская мова амаль цалкам выціснутая з
ВНУ, дзіцячых садкоў і школаў. Накіраванае вынішчэнне і ганьбаванне беларускай
мовы – злачынства перад беларускім народам і ўсім чалавецтвам, за якое адказныя
мусяць панесці пакаранне.

 

Сёння будучыня
беларускай мовы і Беларусі залежыць ад беларускага народу і кожнага
грамадзяніна. Мы заклікаем кожнага зрабіць унёсак у абарону, захаванне і развіццё
беларускай мовы. Мы заклікаем шырэй выкарыстоўваць беларускую мову ў сем’ях,
патрабаваць ад дзяржавы выканання права навучаць дзяцей па-беларуску, пашырэння
ўжытку беларускай мовы ў СМІ і дзяржаўных установах, а таксама ў іншых галінах.

 

БХД за час свайго
існавання правяла больш за дзясятак бясплатных курсаў беларускай мовы для
дарослых, шматлікія мерапрыемствы па папулярызацыі беларускай мовы і культуры.
БХД таксама гатовая аказаць дапамогу ўсім жадаючым як вывучаць беларускую мову,
так і адстойваць свае моўныя правы. Жадаючыя могуць звяртацца па тэлефоне: +375
29 1673435.

 

Пакуль жыве
беларуская мова – жыве беларуская нацыя і культура. Захаваем і зберажэм яе
разам!

Болей навін